Вольга Беламутава кажа пра сябе, што яна ўжо не студэнтка, а рыхтуецца абараняць магістарскую працу. Цікаўлюся, кім яна плануе працаваць пасля яе абароны.
— Мая адукацыя звязаная з культуразнаўствам, і ўжо пэўны час я займаюся культурніцкімі праектамі. Цяпер мне найбольш падабаецца працаваць у сферы культурніцкага менеджменту. Зараз займаюся невялікім праектам з міні-тэатрам, удзельнічаю ў іншых праектах, выкладаю, чытаю лекцыі па культуразнаўстве, праводжу варштаты.
— Вольга, вы зараз завяршаеце навучанне. Ці ёсць ужо нейкія перспектывы працы, ці, магчыма, збіраецеся працягнуць навуковую дзейнасць?
— Не, я ўжо дзесяць гадоў вучуся, таму цяпер хачу працаваць. Шукаю сталую працу, хоць увесь час недзе працую і ўдзельнічаю ў розных праектах. Можна сказаць, што пакуль знаходжуся ў пошуку сваёй справы.
— А ў якіх праектах вы ўжо ўдзельнічалі?
— Напрыклад, год таму я была стажоркай і працавала ў праекце Lato z Estradą. Гэта фестываль у Познані, які праводзіцца ў розных мікрараёнах горада: там ладзяцца канцэрты, спектаклі, варштаты і іншыя культурныя падзеі. Я таксама пастаянна арганізую розныя мерапрыемствы ў «Пакоі 202». Зараз сумесна з Алесем займаемся развіццём яго міні-тэатра. Працавала і з дзецьмі з розных краін — Польшчы, Украіны, Беларусі, — займалася з імі культурнай адукацыяй, праводзіла творчыя варштаты.
— У вас ужо ёсць значны досвед. А што найбольш падабаецца ў гэтай сферы — тэатр, эстрада, жывапіс?..
— Мне здаецца, самае важнае — разумець, што менавіта ты хочаш рабіць. Зараз мне падаецца, што ў культурніцкім менеджменце я знаходжу ўсё тое, што мне падабаецца і прыносіць задавальненне. Пачынаючы ад арганізацыйнай працы з дакументамі і заканчваючы зносінамі з гледачамі і артыстамі. Менавіта такое спалучэнне розных задач і дае мне найбольшую сатысфакцыю.
— А культурніцкі менеджмент прадугледжвае больш працы з дакументамі ці ўсё ж з артыстамі і гледачамі?
— Мне здаецца, менеджар у культуры выконвае ролю пасярэдніка паміж артыстамі, якія часта не надта арганізаваныя, і гледачамі, якія ўвогуле не павінны ведаць пра ўсе арганізацыйныя нюансы. Менавіта менеджар наладжвае кантакт паміж артыстамі і гледачамі. А таксама паміж артыстамі і рознымі інстытуцыямі, якія могуць быць для іх карыснымі.
— А як вы заўважылі міні-тэатр Алеся? На што звярнулі ўвагу і чаму вырашылі з ім працаваць?
— О, гэта цікавая гісторыя...
— Дарэчы, як вы называеце гэты тэатр?
— Алесь сам назваў яго «Нана-тэатр». Я не надта задаволеная гэтай назвай, але гэта справа самога артыста. Я пабачыла яго спектакль, калі Алесь толькі ўзяў карабок запалак — менавіта ў ім месціцца тэатральная сцэна, на якой адбываецца спектакль з самаробнымі лялькамі, — і пачаў нешта майстраваць. А праз некалькі дзён ён распавёў мне гісторыю, якая мяне вельмі ўразіла. Тады я сказала яму, што ён абавязкова павінен зрабіць гэты спектакль. І калі адбылася прэм'ера, я ўжо шукала хоць нейкую невялікую магчымасць далучыцца да гэтага праекта. Так гэты тэатр і стаў маёй маленькай справай, якую, як і герой спектакля, я раблю.
— Што вас уразіла больш — сюжэт спектакля ці форма, якую Алесь надаў яму на гэтай маленькай сцэне?
— Мне здаецца, што гэтыя дзве рэчы немагчыма аддзяліць адна ад адной. Сама гісторыя распавядае пра вельмі маленькую справу маленькага героя, якая збоку можа ўвогуле не здавацца важнай. Але для героя, які яе робіць, яна становіцца самай галоўнай справай у жыцці.
— На ваш погляд, наколькі папулярны сёння ў Польшчы такі мінімалістычны тэатр?
— Пра папулярнасць тут цяжка казаць, таму што мінімалістычны тэатр выходзіць за межы мэйнстрымнага тэатра. Але, наколькі я ведаю, у пасляваеннай Польшчы падобныя тэатральныя формы лічыліся даволі авангарднымі. Не хачу занадта паглыбляцца ў гэтую тэму, але калі пасля ўсяго застаюцца толькі акцёр, гісторыя, гледачы і нейкі зусім мінімальны тэатральны атрыбут, мне здаецца, што гэта працягвае традыцыі сапраўднага авангарднага мастацтва.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце аўдыёфайл