Беларуская Служба

У першыя хвіліны выбараў у КР сайт з галасаваннем зазнаў атаку — «прагаласавалі» больш за 17 мільёнаў чалавек

25.05.2024 09:05
DDoS-атака праводзілася з многіх кропак па ўсім свеце.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: shutterstock/Rawpixel.com

У першыя хвіліны выбараў у Каардынацыйную раду, якія стартавалі а 0.00 25 мая, сайт для галасавання зазнаў маштабную атаку. Па словах старшыні выбаркама Алены Прыходзькі, атака праводзілася з розных геаграфічных пунктаў.

«Можна сказаць, што першыя дэмакратычныя выбары ў Беларусі пачаліся з каласальнай яўкі. Якая ўжо цяпер перавышае колькасць насельніцтва Беларусі больш чым у два разы», — распавяла Прыходзька, якая разам з Паўлам Ліберам распавялі, чым скончылася моцная DDoS-атака платформы ў першую гадзіну галасавання.

«Нічога страшнага не адбылося, але прыйшлося падкарэктаваць сістэму галасавання, таму яно пачалося крыху пазней», — адзначыў Павел Лібер.

Нягледзячы на спробу зламаць сістэму і запуск са спазненнем за першыя 2 гадзіны лічбавыя ID атрымалі амаль тысяча беларусаў.

Галасаванне павінна было скончыцца ў 23:59 у панядзелак, але, магчыма, з-за DDoS-атакі яно будзе працягнута на пару гадзін.

«Але гэта вырашаць Выбарчай камісіі», — дадаў Павел Лібер.

Паводле: Наша Ніва

нг