Беларуская Служба

Выбарчая камісія КР папярэдзіла пра рассылку падазроных спасылак з заклікам галасаваць

25.05.2024 16:24
На выбарах арганізавалі электроннае галасаванне — праз платформу «Голас» і праз адмысловую аплікацыю.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Fit Ztudio

Карыстальнікам у Беларусі прыходзяць падазроныя спасылкі з заклікам удзельнічаць у галасаванні на выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга складу, паведаміла 25 траўня старшыня выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады Алена Прыходзька - піша Радыё Свабода.

«Да нас прыходзяць ужо паведамленні пра тое, што ў Беларусі па беларускіх чатах рассылаюцца спасылкі з заклікам да галасавання. Выбарчая камісія і Каардынацыйная рада не маюць ніякага дачынення да гэтых спасылак. Мы не займаемся ніякай рассылкай, як ёй не займаецца ніхто з выбарчых суб’ектаў», — падкрэсліла Алена Прыходзька.

Яна заклікала беларусаў у мэтах бяспекі не пераходзіць ні па якіх спасылках, якія ім дасылаюць у любых чатах, тэлеграм-каналах альбо ад імя прыватных асоб.

«Карыстайцеся толькі афіцыйнымі спасылкамі, якія знаходзяцца на сайце Каардынацыйнай рады альбо ў афіцыйным тэлеграм-канале Каардынацыйнай рады. Яшчэ раз заклікаю вас, калі ласка, дбайце пра вашую бяспеку», — адзначыла Прыходзька.

Агулам, паводле старшыні выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады, «дэмакратычныя выбары былі запушчаныя і цяпер яны адбываюцца».

Выбары ў новы склад Каардынацыйнай рады пачаліся апоўначы 25 траўня. З пачаткам онлайн-галасавання адбылася магутная DDoS-атака на платформу Belarus ID, праз якую можна прагаласаваць на выбарах (DDoS-атака — спосаб наўмыснага парушэння працы рэсурсу шляхам яго перагрузкі вялікай колькасцю запытаў — рэд.): у першыя гадзіны онлайн-галасавання «прагаласаваць» нібыта збіраліся больш за 17 мільёнаў чалавек. Стваральнік платформы Павал Лібер запэўніў, што «нічога страшнага не адбылося, але давялося падкарэктаваць сістэму галасавання, таму яно пачалося крыху пазней».

Рэжым Лукашэнкі прызнаў усе 12 выбарчых спісаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Следчы камітэт Беларусі завёў крымінальныя справы на 257 чалавек, якія выказалі жаданне балатавацца ў Каардынацыйную раду.

На выбарах арганізавалі электроннае галасаванне — праз платформу «Голас» і праз адмысловую аплікацыю. Беларусы ўнутры краіны, могуць аддаць свой голас у вэб-версіі, мабільная аплікацыя даступная толькі для тых, хто знаходзіцца за мяжой. Галасаваць могуць паўналетнія грамадзяне Беларусі, якія маюць беларускія пашпарты. Від на жыхарства іншай краіны ці праязны дакумент замежніка не падыдуць, таксама праграма не распазнае копіі або сканы беларускага пашпарта.

Згодна з першапачатковым планам, выбары мусяць завяршыцца ў 23:59 27 траўня. Першыя вынікі аб’явяць не пазней за 29 траўня.

нг

У першыя хвіліны выбараў у КР сайт з галасаваннем зазнаў атаку — «прагаласавалі» больш за 17 мільёнаў чалавек

25.05.2024 09:05
DDoS-атака праводзілася з многіх кропак па ўсім свеце.