Беларуская Служба

Беларуская незалежная кінаакадэмія выступіла сузаснавальніцай Федэрацыі кінаакадэміяў Еўропы

17.07.2024 18:22
Важнай часткай працы Федэрацыі мае быць лабіяванне з еўрапейскімі і нацыянальнымі палітыкамі, каб гарантаваць, што еўрапейскае кіно па-ранейшаму разглядаецца як значная культурная каштоўнасць і як істотны эканамічны фактар.
BIFA
BIFAЛагатып BIFA

У Люксембурзе 11 ліпеня адбылася цырымонія падпісання дакументу аб заснаванні Федэрацыі кінаакадэміяў Еўропы (FACE). Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) сталася адным з сябраў-заснавальніц, – паведамляе belsat.eu.

Усяго арганізацыямі-заснавальніцамі выступіла 21 кінаакадэмія, сярод якіх Еўрапейская кінаакадэмія, Дацкая кінаакадэмія, Кінаакадэмія Люксембургу, Аўстрыйская кінаакадэмія, Украінская кінаакадэмія і іншыя.

Мэта Федэрацыі кінаакадэміяў Еўропы – фармалізаваць стасункі паміж кінаакадэміямі, аб’яднацца для прадстаўлення агульных інтарэсаў і супрацы, падвысіць бачнасць еўрапейскага кіно.

Пад эгідай новай Федэрацыі еўрапейскія кінаакадэміі будуць разам прэзентаваць свае агульныя інтарэсы і абʼядноўваць спектр працы, якую яны выконваюць для розных галінаў кінаіндустрыі.

Важнай часткай працы Федэрацыі мае быць лабіяванне з еўрапейскімі і нацыянальнымі палітыкамі, каб гарантаваць, што еўрапейскае кіно па-ранейшаму разглядаецца як значная культурная каштоўнасць і як істотны эканамічны фактар.

Беларуская незалежная кінаакадэмія была створаная незалежнымі кінематаграфістамі з Беларусі ў 2022 годзе з мэтай зрабіць голас беларускага незалежнага кіно заўважным у Еўропе.

эж