Беларуская Служба

«Мы займаемся яго лёсам». МЗС Германіі – аб справе Рыка Крыгера ў Беларусі

22.07.2024 15:32
Грамадзянін Германіі атрымаў прысуд смяротнага пакарання. 
 .
Рыка Крыгер. Фота з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў Беларусі

Берлін працуе над справай грамадзяніна ФРГ, якому пагражае расстрэл у Беларусі, заявіў на ўрадавай прэс-канферэнцыі ў Берліне прадстаўнік МЗС ФРГ Крысціян Вагнер. «Мы займаемся яго лёсам і з самага пачатку аказваем яму інтэнсіўную консульскую падтрымку. А таксама актыўна абараняем яго інтарэсы перад беларускімі ўладамі», – сказаў Крысціян Вагнер.

Падрабязнасцяў ён не прывёў і ўхіліўся ад адказу на пытанне аб магчымых прапановах Мінска па лёсе асуджанага грамадзяніна Германіі. «У гэтых адносінах вам яшчэ давядзецца набрацца цярпення. Як я ўжо сказаў, нашым прыярытэтам з'яўляецца ўсебаковая падтрымка», – дадаў ён.

Прадстаўнік нямецкага МЗС таксама расказаў, што, нягледзячы на непрызнанне Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам РБ, Берлін падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з дзяржавай Беларусь:

«У нас ёсць пасольства ў Мінску. Консульская падтрымка ажыццяўляецца на месцы. Як я ўжо сказаў, я не буду ўдавацца ў падрабязнасці. Я магу адказаць у цэлым, што звычайна ўключае ў сябе консульская дапамога: кантакты з затрыманым, кантакты з членамі сямʼі, адвакатамі, наведванне турмаў і абмеркаванне ўмоў утрымання з уладамі».

Рыка Крыгера прыгаварылі да расстрэлу ў Беларусі па шасці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Па артыкуле аб «тэракту» яго судзілі за здзяйсненне выбуху, паведаміў DW юрыст «Вясны» Павел Сапелка. Крыгер знаходзіцца пад вартай у беларускім СІЗА з кастрычніка 2023 года.

МЗС Беларусі раней заявіла, што беларускі бок прапанаваў Германіі «канкрэтныя рашэнні па наяўных варыянтах развіцця сітуацыі».

Паводле DW Беларусь

нг