Ганчарэнка распавяла DW аб зняволенні і вяртанні дадому ва Украіну.
Жыхарка Чарнігава Людміла Ганчарэнка – адна з пяці грамадзян Украіны, вызваленых з беларускіх турмаў па працэдуры абмену ваеннапалоннымі. Акрамя Ганчарэнкі на волі аказаліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант справы аб падрыве ў Мачулішчах расійскага ваеннага самалёта Мікалай Швец. 28 чэрвеня 2024 года іх вярнулі ва Украіну.
Людмілу Ганчарэнку затрымалі 19 ліпеня 2023 года ў Брэсце. Нагодай сталі некалькі фота расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якія беларускія сілавікі знайшлі ў яе тэлефоне. Ганчарэнку абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасці» (арт.358-1 КК РБ) і прыгаварылі да трох гадоў калоніі. У зняволенні Людміла правяла амаль год. Таксама ў заложніках у беларускага рэжыму апынуліся яе сын, сястра і пляменнік.
Затрымалі за фота расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі
Людміла Ганчарэнка жыве ва ўкраінскім Чарнігаве, у яе двое сыноў. Старэйшаму – 14, малодшаму крыху больш за год. Украінка часта бывала ў Беларусі. Яе першы муж і бацька старэйшага дзіцяці – беларус. «Ездзілі то да яго, то да родных, то куплю там нешта», – успамінае суразмоўніца. Адзін з такіх прыездаў, летам 2023 г., абярнуўся для жанчыны затрыманнем і годам у беларускай турме.
Па словах Людмілы, звычайна ў РБ яна ўязджала праз Польшчу, аднойчы недалёка ад Брэста зняла лагер расійскіх вайскоўцаў, відэа адправіла ўкраінскім памежнікам. Беларускія сілавікі, якія правяралі яе тэлефон пры перасячэнні мяжы, знайшлі гэтае відэа, а таксама фота расійскай ваеннай тэхнікі, зробленае ў студзені 2023.
Увечары 19 ліпеня 2023 года ў кватэру ў Брэсце, якую жанчына зняла на час паездкі, прыехалі супрацоўнікі Гомельскага КДБ.
Сілавікі затрымалі Ганчарэнку і яе родных, якія знаходзіліся ў Беларусі разам з ёй: сястру Наталлю Ярашэнку, непаўналетніх сына і пляменніка.
Наталля апынулася ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) у Гомелі.
У КДБ пагражалі аддаць 13-гадовага сына ў дзіцячы дом. Ганчарэнку змясцілі ў ІЧУ, вазілі на допыты ў КДБ. «Пачалі, натуральна, пагражаць: альбо будзеш падпісваць усё, што мы будзем казаць, альбо паедзеш на сем гадоў (у турму. – Рэд.)», – распавядае Людміла.
Яна кажа, што сілавікі пагражалі свабодай, на той момант 13-гадовага, сыну. Казалі, калі жанчына падпіша патрэбныя паперы, дзіця адпусцяць, калі будзе незгаворлівай, адправяць у беларускі дзіцячы дом, а калі яму споўніцца 14, пасадзяць.
Хлопчык, паводле яе слоў, таксама атрымаў моцную псіхалагічную траўму: яго дапытвалі, «вазілі на дэтэктар хлусні», «пужалі, што аддадуць у дзіцячы дом, калі не будзе гаварыць праўду », пагражалі пісталетам.
Праз допыт прайшоў і непаўналетні пляменнік Людмілы, сын яе сястры Наталлі Ярашэнкі. Толькі праз тыдзень хлопчыкам дазволілі зʼехаць з Беларусі. Ва Украіну яны дабіраліся самастойна праз Польшчу.
Сястра Ганчарэнкі правяла 147 сутак у ІЧУ
Сястра Людмілы Ганчарэнкі, Наталля Ярашэнка, 147 сутак правяла ў Гомельскім ІЧУ, пасля яе дэпартавалі ва Украіну з забаронай на ўезд у РБ на пяць гадоў. Падчас зняволення жанчыну таксама дапытвалі ў КДБ, прымушалі прызнацца, што яна здымала расійскую вайсковую тэхніку. Наталлі прыйшлося прайсці праверку на паліграфе, аб выніках якой ёй так і не паведамілі. «Але я, сапраўды, нічога не здымала, нічога не рабіла», – кажа яна.
Шэсць сутак яна правяла ў карцары
Па словах Наталлі, шэсць сутак яна правяла ў карцары. Там не было нічога, акрамя збітых з дошак высокіх нараў, рукамыйніцы і туалета. «Мне стала дрэнна. Выклікалі медыка – у мяне быў высокі ціск», – успамінае Наталля. Пасля гэтага яе вярнулі ў звычайную камеру. Ніхто асабліва нічога не тлумачыў. Яны мне толькі казалі, маўляў, паедзеце дадому, не хвалюйцеся«, – распавядае ўкраінка.
У ІЧУ ў Наталлі, паводле яе слоў, лопнула вена на назе, жанчына месяц прасіла, каб яе адвезлі ў бальніцу. За амаль пяць месяцаў зняволення ў суразмоўніцы не было ні прагулак, ні перадач. Адзінае, чаго змагла дабіцца яе сяброўка-беларуска – дазволу перадаваць Ярашэнцы 300 грамаў сала і 300 грамаў каўбасы ў тыдзень.
За знаходжанне ў ІЧУ Наталлі выставілі рахунак – »амаль 400 долараў«. 15 снежня 2023 года яе прывезлі на мяжу з Украінай. Перад тым, як жанчына накіравалася на радзіму, беларускія сілавікі поўнасцю ачысцілі яе тэлефоны.
Трэба было папрасіць прабачэння ў Лукашэнкі
Людміла Ганчарэнка да гэтага часу ўжо знаходзілася ў СІЗА №3 Гомеля, ёй выставілі абвінавачанні па артыкуле аб »агентурнай дзейнасці«. »Біць не білі, але ўмовы для жыцця былі жудасныя«, – успамінае СІЗА суразмоўніца.
19 снежня 2023 года Ганчарэнку прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. 22 сакавіка 2024 года Людмілу адправілі ў жаночую папраўчую калонію ў Гомелі (ВК №4). Таксама грамадзянку Украіны ўнеслі ў »спіс экстрэмістаў«.
18 красавіка Людмілу Ганчарэнку выклікалі ў адміністрацыю ВК для напісання прашэння аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. »Ужо было ўсё напісана, трэба было толькі папрасіць прабачэння ў прэзідэнта і беларускага народа, распісацца і паставіць дату«, – удакладняе Ганчарэнка.
13 чэрвеня яе забралі з калоніі сілавікі з Мінска: »Надзелі берушы, навушнікі, павязку, каб я не разумела, куды еду, рукі завязалі сцяжкамі«, – распавядае Людміла.
Украінцаў тыдзень адкормлівалі «у катэджы пад Мінскам
Яе і яшчэ траіх украінцаў, якіх рыхтавалі да абмену на расійскіх палонных, прывезлі ў катэдж пад Мінскам, і, паводле Ганчарэнкі, сталі »адкормліваць«. Побач увесь час знаходзіліся сілавікі: »Хто яны, мы не ведалі, яны маскі не здымалі, з намі не размаўлялі, толькі пыталіся, што нам трэба паесці ці папіць«.
22 чэрвеня грамадзян Украіны зноў »павезлі«. Па размовах жанчына зразумела, што іх прывезлі ў СІЗА КДБ. Там знаходзіўся фігурант справы аб выбуху ў Мачулішчах Мікалай Швец, якога таксама рыхтавалі да абмену. Далей, паводле слоў Ганчарэнкі, »ехалі з хуткасцю ветру«, дарога заняла крыху больш за дзве гадзіны. Калі мікрааўтобус спыніўся, увайшоў сілавік і сказаў, што »ў вас сёння другі дзень нараджэння, вас Аляксандр Рыгоравіч памілаваў«, а таксама, што праз гадзіну яны будуць дома, бо іх памянялі на аднаго святара і на трох расійскіх ваеннапалонных.
Людміла кажа, што зараз пакрысе аднаўляецца, са здароўем усё больш-менш нармальна, толькі моцна ўпаў зрок. Жанчына імкнецца праводзіць больш часу з малодшым сынам, якому на момант яе затрымання было менш за тры месяцы. Хлопчык пакуль да яе не да канца прывык, спіць па-ранейшаму з бабуляй.
Суразмоўніца кажа, што ні за што адсядзела год, як і многія беларусы: »Столькі людзей сядзіць увогуле ні за што. Лайк недзе паставілі – 3 гады, 5 еўра заданаціла – 3 гады, нейкі каментар напісала – год«.
яс/dw.com