Як паведамляе БелТА, дзеці «сталі ўдзельнікамі праграмы аздараўлення і рэабілітацыі дзяцей Данбасу ў Рэспубліцы Беларусь, якую рэалізуе фонд Аляксея Талая». Паведамляецца, што яны правядуць 18 дзён у дзіцячым аздараўленчым лагеры ў Віцебскай вобласці.
У Гомелі ўкраінскіх дзяцей і дарослых, якія іх суправаджаюць, сустрэлі прадстаўнікі фонду Аляксея Талая, грамадскіх арганізацый (у артыкуле згадваецца Беларускі саюз жанчын), прадпрыемстваў Гомеля і вобласці, валанцёры і прадстаўнікі Віцебскай вобласці, адзначае агенцтва.
«У групе хлопчыкі і дзяўчынкі ад 8 да 15 гадоў. Гэта дзеці, якія выхоўваюцца адным з бацькоў, дзеці-сіроты, якія знаходзяцца пад апекай, з шматдзетных сем’яў і іншых сем’яў у цяжкай жыццёвай сітуацыі», — расказала прадстаўніца фонду Талая ў Гомелі і Гомельскай вобласці Юлія Малава.
Як украінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь
- Паводле розных ацэнак, ад пачатку вайны ў Беларусь былі вывезеныя не менш за 2,5 тысячы дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.
- Датычнымі да гэтай дзейнасці называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадскага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
- Есць сведчанні, што ў Беларусі «перавыхоўваюць» прывезеных дзяцей у духу любові да Расіі.
- Шаўцоў, Талай і ягоны фонд былі ўключаныя ў 13-ы пакет санкцый Еўрасаюза супраць Расіі, прыняты 23 лютага 2024 году. Талай таксама быў уключаны ў санкцыйны спіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку вайны ва Украіне.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
- 1 снежня 2023 году Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства БЧК, бо арганізацыя не вызваліла ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, якога абвінавачваюць у дачыненні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Шаўцоў быў заўважаны на акупаваных тэрыторыях Украіны з праваеннай расійскай сімволікай на адзенні.
- У рамках 56-й сесіі Рады правоў чалавека ААН у Жэневе прадстаўнікі Беларусі адпрэчылі абвінавачанні ў адрас беларускіх уладаў у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Там заявілі, што Беларусь «робіць усё для ўз'яднання сем’яў», а дзяцей, якія прыбываюць у Беларусь, маўляў, не выкрадаюць з тэрыторыі Украіны і не вывозяць пад прымусам, а «прымаюць на аздараўленне».
Чаму нельга вывозіць дзяцей з акупаваных тэрыторый?
Чацвёртая Жэнеўская канвенцыя «Аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны» наўпрост забараняе прымусовае перамяшчэнне або дэпартацыю грамадзянскага насельніцтва з тэрыторыі акупаванай дзяржавы.
У Канвенцыі падкрэсліваецца, што акупуючая дзяржава "ні ў якім разе" не павінна мяняць грамадзянскі стан дзяцей. Гэта значыць, што ўкраінскіх дзяцей нельга пераводзіць у расійскае грамадзянства.
Расія - удзельніца Жэнеўскіх канвенцый. Міжнароднае права прызнае межы Украіны такімі, якімі яны былі ў пачатку 2014 года - да расійскай анэксіі Крыма і захопу іншых рэгіёнаў краіны. Такім чынам, гэтыя тэрыторыі лічацца акупаванымі і дзеянне Жэнеўскай канвенцыі распаўсюджваецца на ўсіх дзяцей і ў цэлым на цывільнае насельніцтва, якое там пражывае.
Паводле svaboda.org/вх