Беларуская Служба

Беларусь і Іран рыхтуюць сумесныя вучэнні

20.08.2024 14:13
Нядаўна Іран наведваў камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі Андрэй Лук’яновіч.
    , 14  2024 .
Іранская ваенная дэлегацыя ў Беларусі, 14 жніўня 2024 года. Фота: «Ваяр» / Павел Матусевіч

Беларусь і Іран займаюцца падрыхтоўкай сумеснага камандна-штабнога вучэння, а таксама абследаваннем мясцовасці для яго, паведаміў на платформе Х начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Валерый Равенка.

«У Тэгеране праходзяць перамовы і рэкагнасцыроўка месцаў правядзення камандна-штабнога вучэння на тэрыторыі Ісламскай Рэспублікі Іран. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае палкоўнік Дзмітрый Бітны, намеснік камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання»,  — паведаміў Равенка.

Нагадаем, нядаўна Іран наведваў камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі Андрэй Лук’яновіч. Галоўнакамандуючы іранскім войскам Сеед Абдул-Рахім Мусаві тады казаў, што Іран і Беларусь павінны знайсці рашэнне, каб супрацьстаяць ЗША, і прапанаваў вайскоўцам дзвюх краін абменьвацца досведам, бо іранскае войска «ў адзіночку супрацьстаяла сусветным дзяржавам» і змагалася з тэрарызмам, а Беларусь «мае каштоўны досвед, асабліва ў вайне ва Украіне». Ён мяркуе, што такі абмен досведам умацуе абодва бакі.

З канца ліпеня ў Беларусі каля двух тыдняў знаходзілася іранская вайсковая дэлегацыя. А ў траўні гэтага года беларускія вайскоўцы бралі ўдзел у камандна-штабным вучэнні «Пояс бяспекі 2024», якое прайшло ў Тэгеране.

Яшчэ год таму падчас візіту ў Іран міністр абароны Віктар Хрэнін і начальнік Генштаба арміі Ірана Махамад Багеры «акрэслілі далейшыя крокі па паглыбленні і інтэнсіфікацыі двухбаковага ўзаемадзеяння».

Zerkalo.io/вх