Беларуская Служба

«Беларускі Гаюн»: Яшчэ адзін расійскі «Шахед» заляцеў у Беларусь з Чарнігаўскай вобласці Украіны

21.08.2024 11:02
У апошнія тыдні паветраную прастору Беларусі шмат разоў парушалі расійскія беспілотнікі тыпу «Шахед», якія Расія выкарыстоўвае супраць Украіны.
Tak wygląda rosyjski dron Geran, czyli licencyjny, irański Shahed.
Tak wygląda rosyjski dron Geran, czyli licencyjny, irański Shahed.shutterstock/Anelo

Раніцай 21 жніўня каля 8. 40  чарговы расійскі дрон-камікадзэ тыпу «Шахед» зайшоў у паветраную прастору Беларусі з тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці Украіны, паведамляе праект маніторынгу ваеннай актыўнасці «Беларускі Гаюн» са спасылкай на ўкраінскія каналы.

Па папярэдніх дадзеных, далей беспілотнік працягнуў рух на захад уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы.

У ноч на сераду Кіеў падвергся чарговаму маштабнаму паветранаму нападу.

Нагадаем, у апошнія тыдні паветраную прастору Беларусі шмат разоў парушалі расійскія беспілотнікі тыпу «Шахед», якімі войска РФ атакуе Украіну. Толькі ў ліпені было зафіксавана як мінімум дзевяць выпадкаў. Часцей за ўсё гэтыя беспілотнікі заляталі ў Беларусь менавіта з украінскага боку. Аднак вядома пра гэта было толькі з паведамленняў маніторынгавай групы канала «Беларускі Гаюн» — ні Мінабароны, ні іншыя прадстаўнікі ўладаў ні разу афіцыйна не пракаментавалі з’яўленне беспілотнікаў, нават калі на іх перахоп паднімалася авіяцыя і калі адзін з дронаў упаў і ўзарваўся ў Гомельскай вобласці.

Між тым 10 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў аб украінскіх дронах, якія нібыта ўварваліся ў Магілёўскую вобласць. Паводле яго слоў, гэта адбылося ўвечары 9 жніўня. Сілы СПА былі прыведзены ў павышаную баявую гатоўнасць і знішчылі некалькі мэт.

«Мы падазраём, што гэта ўдарныя беспілотнікі. Парушыўшы паветраную прастору Беларусі, ляцелі з Украіны»,  — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама даў указанне Міністэрству абароны ўзмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках.

Доказаў таго, што беспілотнікі былі менавіта ўкраінскімі, ні Лукашэнку, ні Мінабароны не падалі. Старшыня камітэта Вярхоўнай рады Украіны па знешняй палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Меражко ў каментары «Люстэрку» адзначыў, што заява Аляксандра Лукашэнкі «не заслугоўвае даверу».

Zerkalo.io/вх