Еўракамісія назвала дату меркаванага запуску новай сістэмы ўезду і выезду ў Еўрасаюз (EES), паведамляе «Свабода» са спасылкай на Schengen.News. Сістэма зменіць правілы перасячэння мяжы для грамадзян трэціх краін, у тым ліку беларусаў.
Як заявіла камісар ЕС ва ўнутраных справах Ільва Югансан, сістэму EES плануюць запусціць 10 лістапада, цяпер яна знаходзіцца на завяршальнай стадыі выпрабаванняў.
«Паводле закону, перш чым Камісія прыме афіцыйнае рашэнне, павінны прайсці розныя этапы, але сёння я з гонарам паведамляю, што 10 лістапада — гэта мэтавы дзень», — удакладніла Ільва Югансан.
Паводле яе, з пачаткам працы сістэмы EES штогод будзе закранаць каля 700 мільёнаў чалавек — прыкладна столькі наведваюць Еўрасаюз штогод. Разам з тым, на думку Ільвы Югансан, сістэма дапаможа 450 мільёнам еўрапейцаў «адчуваць сябе ў большай бяспецы».
Галоўнай мэтай укаранення EES называюць узмацненне бяспекі на мяжы і перадухіленне нелегальнай міграцыі. Таксама сістэма павінна дапамагчы выяўляць тых, хто перавысіў дазволеныя тэрміны знаходжання на тэрыторыі Еўрасаюза, і тых, хто спрабуе ўехаць у ЕС з выкарыстаннем падробленых дакументаў.
EES уяўляе сабой аўтаматызаваную ІТ-сістэму, якая будзе рэгістраваць звесткі грамадзян краін, што не ўваходзяць у Еўрасаюз, у лічбавым выглядзе пры кожным уездзе і выездзе з вонкавых шэнгенскіх межаў. Сістэма заменіць бягучае ручное прастаўленне штампу ў пашпарце і будзе рэгістраваць імя падарожніка, тып праязнога дакумента, біяметрычныя звесткі (адбіткі пальцаў і фота твару), а таксама дату і месца ўезду і выезду з ЕС. Персанальныя звесткі ў сістэме будуць захоўвацца 3 гады.
Апроч рэгістрацыі ўезду і выезду падарожнікаў, сістэма таксама будзе фіксаваць адмовы ва ўездзе.
Прадугледжваецца, што пасля пачатку працы EES грамадзяне краін, якія не ўваходзяць у ЕС і ўязджаюць у Шэнгенскую зону, павінны будуць зарэгістравацца ў гэтай інфармацыйнай сістэме. Падарожнікі таксама будуць сканаваць свае пашпарты ці іншыя праязныя дакументы ў «кіёску самаабслугоўвання» штораз, калі перасякаюць вонкавую мяжу ЕС.
Раней паведамлялася, што EES будзе дзейнічаць ва ўсіх краінах ЕС, акрамя Кіпра і Ірландыі, а таксама ў чатырох краінах Шэнгенскай зоны, якія не з'яўляюцца членамі ЕС: Ісландыі, Ліхтэнштэйне, Нарвегіі і Швейцарыі.
Укараненне EES не раз адкладалі з прычыны розных праблем, у тым ліку праз пандэмію. Першапачаткова гаворка ішла пра старт праекту ў канцы 2022 года, потым у 2023 годзе, пасля гэты тэрмін перанеслі на 2024 год.
аз