Беларуская Служба

АПК непакоіць рызыка ўцягвання Беларусі ў вайну супраць Украіны

21.08.2024 16:45
Аб’яднаны Пераходны Кабінет падкрэслівае, што галоўнай мэтай з’яўляецца недапушчэнне ўцягвання арміі Беларусі ў баявыя дзеянні.
Святлана Ціханоўскаяwww.facebook.com/S.Tsikhanouskaya

20 жніўня прайшло чарговае паседжанне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Падчас яго абмеркаваная сітуацыя ў Курскай вобласці, куды перанесеныя баявыя дзеянні ў вайне Расіі супраць Украіны, і адзначаны значны рост рызыкі ўцягвання вайскоўцаў Рэспублікі Беларусь у прамыя баявыя дзеянні на баку Расіі. У сувязі з гэтым будзе працягнуты глыбокі аналіз сітуацыі. Падкрэслена, што галоўнай мэтай з’яўляецца недапушчэнне ўцягвання Узброеных сіл Беларусі ў баявыя дзеянні.

Вялікая ўвага падчас пасяджэння была нададзеная пытанням вызвалення палітзняволеных. Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі адзначае, што працягне працу ў гэтым кірунку (уключаючы санкцыйны ціск), пакуль не будуць вызваленыя і рэабілітаваныя тысячы зняволеных, асуджаных у Беларусі па палітычна матываваных прычынах.

Таксама абмеркавана распрацоўка стратэгіі дэмакратычных сіл адносна так званай кампаніі 2025. Падчас паседжання адзначаны дзве галоўныя мэты стратэгіі:

– даць беларусам магчымасць прадэманстраваць, што большасць унутры краіны і за яе межамі працягвае дамагацца дэмакратычных перамен;

– дабіцца непрызнання вынікаў так званых «выбараў» 2025 года, якія фактычна праводзяцца ва ўмовах небывала маштабных палітычных рэпрэсій і прававога дэфолту ў Беларусі.



Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі звяртае ўвагу на важнасць кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сіл дзеля барацьбы з дыктатарскім рэжымам, які ўзурпіраваў уладу і пазбавіў беларусаў амаль усіх асноўных дэмакратычных і чалавечых правоў і свабод. Дыскусія адносна стратэгій барацьбы з рэжымам павінна заставацца дэмакратычнай, аргументаванай і адказнай.

Найважнейшая роля ў рэалізацыі дэмакратычных памкненняў беларусаў ускладзеная на нацыянальную лідарку, прэзідэнтку-элект Святлану Ціханоўскую, якой народ Беларусі выказаў давер напрамую падчас выбараў 2020 года. Аб падтрымцы Святланы Ціханоўскай заявіла большасць дэлегатаў Каардынацыйнай Рады, абранай шляхам галасавання грамадзян Беларусі. Дзеля эфектыўнай рэалізацыі гэтай ролі працуе і Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі.

Падчас пасяджэння разгледжаныя пытанні далейшага кадравага ўмацавання Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Вядзецца праца па прызначэнні на пасады прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку, прадстаўніка па эканоміцы і фінансах, прадстаўніка па пытаннях легалізацыі і мабільнасці беларусаў.

Пасяджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі планава праводзяцца штотыдзень. 20 жніўня ў пасяджэнні ўпершыню прынялі ўдзел у новым статусе Уладзімір Астапенка, Маргарыта Ворыхава і Вадзім Кабанчук, аб прызначэнні якіх на адпаведныя пасады прадстаўнікоў аб’явіла нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская падчас канферэнцыі «Новая Беларусь». 13 ліпеня гэтыя прызначэнні ўхваліла падчас адкрытых слуханняў Каардынацыйная Рада трэцяга склікання.

аз

Расія спрабуе выціснуць украінскае войска з Курскай вобласці

18.08.2024 11:13
Крэмль накіраваў супраць украінскай арміі вайскоўцаў з ГВ «Захад».