Беларуская Служба

Суд па справе Imaguru пачнецца 2 верасня

21.08.2024 17:46
КДБ прызнаў Startup Hub Imaguru «экстрэмісцкім фармаваннем» у жніўні 2023 года.
ІлюстрацыяInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Разгляд крымінальнай справы кіраўнікоў стартап-хаба Imaguru прызначаны на 2 верасня ў Мінскім гарадскім судзе, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Справу Таццяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай і Яўгена Пугача будзе весці суддзя Любоў Сімахіна. Іх абвінавачваюць у агульнай складанасці па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Сузаснавальніц Imaguru Марыніч і Хамянкову будуць судзіць завочна. Над Пугачам, дырэктарам арганізацыі ў 2018—2020 гадах, працэс пройдзе ў звычайным парадку. Ён знаходзіцца пад вартай з ліпеня 2023 года, аднак ягонае імя раней не называлася. Следчы камітэт, паведамляючы аб завяршэнні расследавання справы, згадвалі толькі пасаду Пугача і месца яго жыхарства (Смалявічы).

СК сцвярджаў, што Марыніч і Хамянкова «стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фарміраваннем». Гаворка ідзе аб прызнанай такім групе грамадзян з ліку супрацоўнікаў Startup Hub Imaguru. Арганізацыя нібыта размяшчала «экстрэмісцкія матэрыялы, накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў Мінску ў жніўні 2020 года» (так улады называюць масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў).



Пугачу прад’яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 243 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (расшыфроўка ў даведцы ніжэй). Таксама ён нібыта «размяшчаў на асабістых старонках у сацыяльных сетках» заклікі да забастовак.

Агулам Марыніч і Хамянковай прад’яўленыя абвінавачанні па 10 артыкулах (ч. 2 арт. 243, ч. 1 арт. 357, ч. 2, 3 арт. 3611, ч. 3 арт. 130; ч. 3 арт. 361, ч. 2 арт. 3612, ч. 2 арт. 3613, ч. 2 арт. 3614, арт. 3691, ч. 2 арт. 424).

На маёмасць абвінавачаных, у тым ліку дамы і зямельныя ўчасткі, накладзены арышт на агульную суму 676 тыс. рублёў.

Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Марыніч і Хамянковай 2 траўня.

КДБ прызнаў Startup Hub Imaguru «экстрэмісцкім фармаваннем» у жніўні 2023 года. Яго ўдзельнікамі былі названыя Марыніч, Хамянкова, а таксама Андрэй Новак і Кацярына Болтан-Сміт.

У траўні 2021 года галоўны офіс Imaguru пераехаў у Мадрыд пасля таго, як быў пазбаўлены памяшкання ў Мінску. На сёння пазіцыянуе сябе як пан’еўрапейскі стартап-хаб з цэнтрамі ў сталіцы Іспаніі, а таксама ў Вільні і Варшаве, дзе таксама адкрытыя яго пляцоўкі.

Марыніч у кастрычніку 2022 года ў інтэрв’ю «Позірку» адзначыла, што Imaguru працуе з беларускімі стартапамі і ІТ-кампаніямі, якія пасля 2020 года пераехалі і працягваюць пераязджаць у Польшчу, Літву і іншыя краіны.

аз

У верасні пачнецца суд над Юліяй Краўцовай, затрыманай падчас рэйду КДБ на сваякоў палітвязняў

21.08.2024 13:40
Ёй выставілі абвінавачванне па ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).