Каля 40 турыстаў з Беларусі, якія ехалі на аўтобусе ў Іспанію з грэцкімі шэнгенскімі візамі, затрымалі ў Германіі. Папярэдняя прычына - парушэнне правілаў выкарыстання візаў. Цяпер беларусам пагражае дэпартацыя і нават забарона на ўезд у ЕС.
Паводле інфармацыі «Люстэрка», каля 60 турыстаў паехалі на аўтобусе ў тур ад фірмы Interlux. Яны стартавалі 19 жніўня з Мінска, пункт прызначэння — Іспанія, узбярэжжа Міжземнага мора. Фактычна аўтобус выехаў з Беларусі ў Латвію (каб аб’ехаць чэргі), далей перасек тэрыторыю Польшчы - у гэтых краінах праблем не ўзнікла.
Далей турысты скіраваліся ў Германію, і на мяжы з Польшчай быў пашпартны кантроль. Падчас яго затрымалі каля 40 чалавек. З аўтобуса знялі тых беларусаў, у каго была першая паездка па грэцкай шэнгенскай візе.
Паводле выдання, грэцкія візы падарожнікам дапамагла аформіць турфірма, «бо толькі іх і было рэальна атрымаць», за гэта яны плацілі 400 рублёў.
Тыя, для каго ўезд быў паўторным, змаглі паехаць далей. А затрыманых змясцілі ў паліцэйскі ўчастак у горадзе Франкфурт-на-Одэры. Яны там знаходзяцца ўжо больш за суткі.
Верагодна, туркампанія актыўна імкнецца дапамагчы затрыманым турыстам і паабяцала кампенсаваць усе грошы за сапсаваны адпачынак.
«Мы займаліся гэтым пытаннем, нямецкая паліцыя нам абяцала, што да вечара ўсіх адпусцяць», - сказалі «Люстэрку» ў амбасадзе Беларусі ў Германіі.
аз