Беларускае кіраўніцтва ў Казахстане заклікалі да «неабходнасці аб’ектыўна ацэньваць пазіцыю Астаны ў дачыненні працэсаў, якія адбываюцца». Пра гэта заявіў намеснік прэм’ера міністр замежных спраў Казахстану Мурат Нуртлеу, паведамляе «Свабода».
Афіцыйную пазіцыю краіны ён данёс амбасадару Беларусі Паўлу Уцюпіну, якога адмыслова запрасілі 21 жніўня ў МЗС Казахстану для тлумачэнняў. Паводле інфармацыі МЗС, на сустрэчы з амбасадарам былі «абмеркаваныя актуальныя пытанні казахска-беларускага супрацоўніцтва як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках шматбаковых арганізацый».
Прычынай стала інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу «Россия», дзе той выказваў свае думкі і наконт казахскай палітыкі.
Міністр замежных спраў падкрэсліў, што Казахстан «праводзіць збалансаваную і мірную замежную палітыку ў адпаведнасці са Статутам ААН і асноватворнымі нормамі міжнароднага права». Астана «цвёрда перакананая, што ўсе рознагалоссі паміж дзяржавамі павінны вырашацца палітыка-дыпламатычнымі сродкамі».
Нагадваем, у інтэрв'ю расійскім прапагандыстам Лукашэнка заявіў, што некаторыя дзяржавы на постсавецкай прасторы «выкручваюцца», у адрозненне ад Беларусі, і «хочуць чагосьці ўзяць, а ўзамен нічога не даць». У гэтым кантэксце беларускі дыктатар згадаў, між іншым Казахстан.
Выказванні пра Казахстан былі не адзінымі папрокамі іншым краінам – дасталася таксама Узбекістану і Арменіі.
Лукашэнка раскрытыкаваў Арменію, кінуўшы фразу пра тое, што «армяне нікому не патрэбныя». Такія выказванні сталі прычынай акцыі пратэсту ля будынку беларускай амбасады ў Ерэване - яе закідалі памідорамі і бульбай.
Дарэчы стасункі Беларусі з Арменіяй істотна пагоршыліся пасля падтрымкі Лукашэнкам Азербайджану. Прэм'ер Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску Лукашэнка. Пасля заявы прэм’ера абедзве краіны адклікалі сваіх амбасадараў у сталіцы для кансультацый.
2 чэрвеня, выступаючы перад парламентам, кіраўнік ураду заявіў пра магчымы выхад Арменіі з АДКБ. 13 ліпеня Беларусь адклікала амбасадара з Арменіі для кансультацый.
аз