Сама меней 55 урадаў па ўсім свеце выкарыстоўваюць абмежаванні на паездкі як частку сваёй рэпрэсіўнай тактыкі супраць меркаваных палітычных апанентаў, гаворыцца ў справаздачы Freedom House, апублікаванай у чацвер, піша Свабода са спасылкай на агенцтва AFP.
Пазбаўленне грамадзянства, забарона на ўезд, канфіскацыя пашпартоў і адмова ў консульскіх паслугах з'яўляюцца аднымі з метадаў, якія выкарыстоўваюцца аўтарытарнымі рэжымамі для абмежавання свабоды перамяшчэння людзей, якія разглядаюцца як пагроза, паведамляе Freedom House, якая апублікавала справаздачу.
Справаздача была складзеная на аснове інтэрв’ю з 31 чалавекам з Беларусі, Індыі, Нікарагуа, Руанды і Саудаўскай Аравіі, якія «на ўласным досведзе адчулі кантроль мабільнасці», паведамляе Freedom House.
Урады, згаданыя ў справаздачы, у тым ліку Беларусь, выкарыстоўваюць гэта як адплату за палітычную актыўнасць або іншадумства, заявіла амерыканская некамерцыйная арганізацыя, якая займаецца пашырэннем дэмакратыі.
«Аўтарытарныя ўлады шукаюць любыя магчымыя сродкі, каб утрымаць меркаваных апанентаў ад выказвання», — сказала Ніколь Бібінс Седака, кіраўніца Freedom House.
Што ў дакладзе напісана пра Беларусь
У верасні 2023 году ў Беларусі выдалі ўказ, які забараняў беларускім консульствам за мяжой прапаноўваць паслугі ў аднаўленні пашпартоў. Указ паставіў пад пагрозу каля 300 тысяч беларусаў, якія пражываюць за мяжой, многія з якіх уцяклі ад рэпрэсій.
Праваабаронцы прыводзяць прыклады з апытанняў беларусаў, якія жывуць за мяжой і, нягледзячы на няпэўны статус іхных дакументаў, не вернуцца дадому праз страх зняволення.
Беларусы ў палітычнай эміграцыі пазбаўленыя консульскіх паслуг, у тым ліку не могуць рэгістраваць дзяцей, народжаных за мяжой, атрымліваць дакументы, неабходныя для ўступлення ў шлюб, або мець доступ да юрыдычнага кантролю над сваёй маёмасцю ў Беларусі.
Абмежаванні свабоды перамяшчэння маюць шмат юрыдычных, практычных, сямейных і псіхалагічных наступстваў.
Свабода/ав