Пракуратура Брэсцкай вобласці выставіла 65 пазоваў да выпускнікоў-бюджэтнікаў, якія не з'явіліся па размеркаванні — ці былі звольненыя да яго заканчэння. З маладых спецыялістаў патрабуюць вярнуць у бюджэт 620 тысяч рублёў, перадае Еўрарадыё.
"Як правіла, маладыя людзі адмаўляліся добраахвотна выплачваць сродкі. Пры такім развіцці падзей пракуроры падавалі ў суд пазовы пра спагнанне з іх выдаткаў на навучанне. Пасля выпускнікі дадаткова пакрывалі ў даход дзяржавы і судовыя выдаткі", — кажуць у пракуратуры.
Пракуроры прыводзяць некалькі прыкладаў, з якіх ясна, пра якія велізарныя сумы для маладых спецыялістаў ідзе гаворка. Напрыклад, жыхар Іванаўскага раёна скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Яго размеркавалі ў аграпрадпрыемства Свіслацкага раёна, але на размеркаванне ён не паехаў. Цяпер з яго патрабуюць больш за 41 тысячу рублёў (каля 12 тыс. долараў). Жыхар Пінска таксама не паехаў па размеркаванні, з яго патрабуюць каля 40 тысяч рублёў.
Пракуроры кажуць, што гэтыя судовыя рашэнні "рэдка выконваліся ў добраахвотным парадку".
Еўрарадыё/ав