Беларуская Служба

У двары Крэўскага замка выявілі падмурак невядомай раней пабудовы

23.08.2024 18:45
У час вывучэння двара Крэўскага замка археолагі знайшлі каменны падмурак невядомай раней канструкцыі. Спецыялісты мяркуюць, што гэта можа быць частка моста.
 .
Крэўскі замак. Фота: museumsmorgon.by

Зараз археалагічныя работы вядуцца на ўчастку побач з малай брамай на паўднёвай сцяне замка. Падчас раскопак археолагі заўважылі фундамент, які, хутчэй за ўсё, належыць замкаваму мосту — ён вёў ад малай брамы ва ўнутраны двор.

Падмурак, знойдзены археолагамі. Падмурак, знойдзены археолагамі. Фота: belta.by

«Лінія падмурка цалкам адпавядае канфігурацыі моста. А ў гэтым месцы знаходзілася замкавая сажалка, таму і была неабходнасць узводзіць каменны падмурак», — паведаміў БелТА навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук Алег Дзерновіч.

Што яшчэ знайшлі падчас раскопак

Звонку ад падмурка грунт пакрыты пластом суглінку, а ўсярэдзіне захаваліся драўляныя канструкцыі.

«Сярод знойдзеных артэфактаў - фрагменты керамічных рыштункаў XVI-XVII стагоддзяў, а таксама нумізматычны матэрыял канца XVI — сярэдзіны XVII стагоддзя. Сярод досыць рэдкіх знаходак — пацерка, зробленая са срэбнай манеты часоў Стэфана Баторыя, якая была сагнутая», — дадаў Дзерновіч.

Як аднаўляюць Крэўскі замак

Руіны Крэўскага замка маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. Гэта адзін з найстаражытнейшых замкаў на тэрыторыі былога ВКЛ.

Толькі ў 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у спіс з трох дзясяткаў помнікаў даўніны, якія патрабуюць неадкладнай дапамогі і выдаткі на захаванне якіх ускладаюцца на дзяржаўны бюджэт. Агулам было ўкладзена каля паўмільёна долараў, аднак нерэгулярнасьць траншаў пастаянна пасоўвала запланаваныя тэрміны аднаўлення і кансервацыі. У 2019 годзе замак наогул часова заставаўся без фінансавання.

Кансервацыю дзвюх сценаў завяршылі ўлетку 2021 года, таксама там усталявалі браму. Тады ж замак афіцыйна адкрылі для турыстаў. Архелагічныя даследаванні на замку працягваюцца дагэтуль.

Увесь гэты час захаванню і вывучэнню спадчыны Крэва дапамагаў фонд «Крэўскі замак». Але ў 2023 годзе ўлады яго ліквідавалі.

Hrodna.life/вх