У выведцы Міністэрства абароны Вялікабрытаніі мяркуюць, што колькасць наймітаў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» скарацілася пасля гібелі яе ўласніка Яўгенія Прыгожына ў 10 разоў.
«Шмат ветэранаў ПВК «Вагнер» пайшло ўслед за колішнімі лідарамі групоўкі ў іншыя падраздзелы. У параўнанні са сваім пікам па ліку ў прыблізна 50 тысяч у 2023 годзе цяпер колькасць „вагнераўцаў“ застаецца на ўзроўні каля 5 тысяч, якіх адправілі ў Беларусь і Афрыку», — адзначылі ў публічным паведамллені вайсковай выведкі Вялікабрытаніі.
Згодна з паведамленнем, пасля гібелі ў жніўні 2023 году Яўгенія Прыгожына ПВК «Вагнер» стала вельмі раздробленай, таму што яе пакінулі шмат «высокапастаўленых чальцоў».
23 чэрвеня 2023 году Яўгеній Прыгожын абвясціў дэмарш супраць расійскага вайсковага кіраўніцтва.
23 жніўня 2023 году ў Цвярской вобласці РФ разбіўся самалёт Embraer Legacy 600. Расавіяцыя пацвердзіла, што на борце былі кіраўнік вагнераўцаў Яўгеній Прыгожын і яго намеснік Дзьмітры Уткін. Аварыя адбылася праз два месяцы пасля няўдалай спробы бунту вагнераўцаў.
Праз некаторы час пасля бунту Расія пачала рэабілітаваць некаторыя элементы ПВК: як паведамлялі ў брытанскай выведцы, баевікам ПВК «Вагнер» выдалі афіцыйныя дакументы, якія вызначаюць іх як ветэранаў баявых дзеянняў. Таксама ПВК была ўключаная ў структуру Расгвардыі.
У студзені паведамлялася, што Расія перакінула рэшткі ПВК «Вагнер» на Аўдзееўскі кірунак у Данецкай вобласці Украіны.
svaboda.org/вх