Праваабаронцам стала вядома, што некалькі месяцаў таму ў Брэсцкім абласным судзе па артыкулах «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «шпіянаж» (арт. 358 КК) асудзілі Дзмітрыя Шлэтгауэра. Прысуд Дзмітрыю невядомы, але санкцыя апошняга артыкула прадугледжвае ад сямі да 15 гадоў зняволення.
Працэс па справе Шлэтгауэра праходзіў у закрытым рэжыме, на сайце Вярхоўнага суда ён не пазначаўся. Пра абставіны справы праваабаронцам нічога невядома.
Адзначым, што па артыкуле 358 Крымінальнага кодэкса ў Беларусі могуць судзіць толькі замежных грамадзян ці асоб без грамадзянства. З 2020 года па палітычных справах за «шпіянаж» асудзілі трох чалавек — грамадзяніна Польшы Томаша Бярозу і ўкраінцаў Андрэя Шмая і Наталлю Захаранку, якую вызвалілі пазней па абмене.
30 жніўня ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі па справе Шлэтгауэра.
Крыніца: ПЦ «Вясна»/юл