Вольгу Васілёнак, якая працавала ў Сенненскай ЦРБ, учора судзілі за «распаўсюд экстрэмізму». І падобна, што жанчыну ўжо звольнілі з працы, паведамляе «Віцебская Вясна».
Спадарыню Васілёнак у Сянно ведаюць як добрага кардыёлога. Яе імя да нядаўняга часу значылася ў раскладзе ЦРБ у якасці загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення. Але зараз ім кіруе іншая жанчына ў статусе «выконваючай абавязкі».
Справу Вольгі Васілёнак па ч.2 арт. 19.11 КаАП суд Віцебскага раёна разглядаў 27 жніўня. І гэта другі выпадак, калі лекараў Сенненскай ЦРБ за «распаўсюд экстрэмізму» судзяць у іншым рэгіёне.
Магчыма, гэта робіцца адмыслова, каб не прыцягваць увагу мясцовых жыхароў да ідэалагічнай расправы над прадстаўнікамі вельмі паважанай прафесіі.
29 ліпеня на ТРК «Віцебск» паказалі перадачу пра барацьбу з «экстрэмізмам». У ёй гаварылася, што ў Сенненскай ЦРБ знайшлі 5 работнікаў, падпісаных на «экстрэмісцкія рэсурсы». Але абяцалі абмежавацца «прафілактычнымі размовамі».
аз