Беларуская Служба

Міністэрства інфармацыі прызнала сайт REFORM.NEWS экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй

29.08.2024 13:23
29 жніўня на сайце ведамства быў абноўлены Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншага, у яго ўключылі інтэрнэт-сайт REFORM.NEWS з ідэнтыфікатарам  https://reformby.org. Адпаведнае рашэнне прыняў 26 жніўня суд Ленінскага раёна горада Брэста.
Ілюстрацыйны здымакhttps://reform.news/

Тыдзень таму на інфармацыйным рэсурсе паведамлялася, што расійскае нагляднае ведамства Раскамнагляд папярэдзіла  рэдакцыю пра блакіроўку сайта  для карыстальнікаў з Расіі.

Раней, 6 траўня, суд Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй сацсеткі і мэсанджары, афіляваныя з  рэсурсам REFORM.NEWS: старонкі ў Telegram, Instagram,  X, на відэахостынгу Youtube, у сацыяльных сетках Facebook і «Одноклассники».

У Беларусі сайт праекта Reform.by быў заблакаваны яшчэ ў жніўні 2021 года. Сёлета 15 сакавіка паводле загаду Аператыўна-аналітычнага цэнтра інтэрнэт-выданне было пазбаўленае беларускага даменнага імя. Цяпер інфармацыя размяшчаецца на інтэрнэт-сайце з новым даменам — REFORM.NEWS. Сайт з  такім адрасам таксама ўжо заблакаваны ў Беларусі, але даступны праз VPN.

Апрача REFORM.NEWS у абноўлены спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Мінінфарма ўключылі  Telegram-каналы і чаты «Phoenix OSINT», «Жыве», «Фотонегативки», TikTok-старонкі  «Жыве Беларусь», «legal_initiative belarus», групу ў Facebook «Мова Нанова Рэчыца» і іншыя інтэрнэт-рэсурсы.

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў