12 верасня ў Беларусі запусцяць відэахостынг videobel.by. Па словах намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Пярцова, гэта стане першым крокам да стварэння «беларускага YouTube».
«Відэахостынг videobel.by. Гэта наша першая OTT-платформа, на якой будуць размяшчацца праграмы і розныя рубрыкі. І нават пазаэфірныя актыўнасці стваральнікаў відэакантэнту. Калі хочаце, гэта дастаткова слабы аналаг, але такі першы крок да стварэння беларускага YouTube», — цытуе Перцова БелТА.
Неабходнасць стварэння беларускага відэахостынгу Пярцоў патлумачыў тым, што невядома, як будзе развівацца сітуацыя з YouTube.
«Вы бачыце, што адбываецца з YouTube і іншымі OTT-сэрвісамі відэа на запыт. Мы не можам прадбачыць, мы не можам ведаць, як будзе гэтая сітуацыя развівацца далей. Але мы ведаем дакладна, што беларускі глядач хоча глядзець (і не толькі беларускі) відэа па запыце праз персанальны кампутар, мабільны тэлефон там, дзе яму гэта зручна, у той час, калі яму гэта зручна рабіць», — сказаў намеснік кіраўніка АП.
Праект будзе запушчаны 12 верасня. На відэахостынгу будуць размяшчацца карыстальніцкія відэа, а таксама будуць весціся трансляцыі асноўных беларускіх тэлеканалаў. На галоўнай старонцы будзе прысутнічаць стужка асноўных навін БелТА.
Крыніца: Reform.news/БАЖ/юл