Беларуская Служба

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі заходнія краіны не прызнаваць прэзідэнцкіх выбараў 2025 года

30.08.2024 16:20
Лідарка дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская і намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Павал Латушка падчас сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі заклікалі іх не прызнаваць вынікаў  прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія маюць адбыцца ў наступным годзе.
 .
Святлана Ціханоўская. Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/tsikhanouskaya

Паводле інфармацыі галоўнай дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, дэмакратычная лідарка правяла ў Вільні сустрэчу з літоўскімі дэпутатамі Еўрапарламенту Андрусам Кубілюсам і Расай Юкнявічэне, на якой таксама абмяркоўвалася стратэгія дэмсіл перад выбарамі 2025 года, піша «Позірк».

Ціханоўская «нагадала літоўскім дэпутатам аб тым, што выбары не будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі і не могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасцю».

Таксама абмяркоўвалася важнасць «захавання беларускага пытання на парадку дня ЭЗ і супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і Еўрапарламентам».

У Беларусі цалкам адсутнічаюць умовы для правядзення выбараў прэзідэнта ў 2025 годзе - дадзеную пазіцыю давёў намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэч з пастаяннай прадстаўніцай Германіі пры АБСЕ, паслом Сюзанай Шутц.

Латушка нагадаў пра шматлікія факты рэпрэсій  у дачыненні да тых, хто ставіў свой подпіс для рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты, пра «ліквідацыю ўсіх 11 апазіцыйных палітычных партый, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і звыш 1,7 тыс. НДА».

Аб'яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі ва ўзаемадзеянні з офісам Святланы Ціханоўскай прыняты рашэнні аб стварэнні ўпаўнаважанай рабочай групы па выпрацоўцы агульнай пазіцыі адносна так званых выбараў. Гэтая прапанова ўнесена ў адрас Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў Беларусі.

Наступныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года.

вх