Беларуская Служба

Лукашэнка нацыяналізаваў «Амкадор». Шакуцін стаў простым беларускім пенсіянерам

14.03.2025 12:19
Дзяржава адабрала ў камерсанта кампанію, аддаўшы яе пад кантроль БелАЗа.
Пагрузчык вытворчасці кампаніі «Амкадор»крыніца: amkodor.by

Аляксандр Шакуцін больш не з’яўляецца ўласнікам свайго машынабудаўнічага холдынгу «Амкадор». Дзяржава адабрала ў камерсанта кампанію, аддаўшы яе пад кантроль БелАЗа. Сам Шакуцін з пачатку года не фігуруе на пратакольных фота з «Амкадора» і, магчыма, чакае, пакуль скончыцца бура ў Расіі, паведамляе «Наша ніва».

«Амкадор» — прадпрыемства з амаль стогадовай гісторыяй. Першы завод сённяшняга холдынга быў заснаваны ў 1927 годзе і выпускаў цацкі.

У наступным профіль вытворчасці некалькі разоў мяняўся, пакуль не вырашана было спыніцца на стварэнні камунальнай, дарожна-будаўнічай, лесанарыхтоўчай і сельскагаспадарчай тэхнікі.

Напачатку 2000-х гадоў «Амкадор» перайшоў пад кантроль сябра Лукашэнкі Аляксандра Шакуціна і ягоных непальскіх бізнэс-партнёраў.

Нейкі час у акцыянерах быў наваполацкі бізнэсмен Мікалай Варабей, але з ім Шакуцін разышоўся і з часам стаў упэўненым мажарытарыем.

Па даных «Белпола», станам на 2020 год Шакуцін кантраляваў 76% акцый «Амкадора» — як фізічная асоба і як саўдальнік кампаній «Наванеп» і «Спамаш».

Каля 11% акцый «Амкадора» належала кампаніі «Сінтэз-Інвест Групп», якая на 80% належыць Аніце Эмет — дачцэ непальца Ніраджа Гавінды Шрэстха.

У дзяржавы на «Амкадоры» заўсёды заставалася невялікая, 7-працэнтная мінарытарная доля.

Такі нюанс у структуры ўласнасці, з улікам асабістых адносін Аляксандра Шакуціна з Аляксандрам Лукашэнкам, быў яўным плюсам — «Амкадор» мог карыстацца таннымі грашыма, атрымліваючы крэдыты па льготных стаўках як для дзяржаўных прадпрыемстваў.

Скупка блізкапрофільных стратных дзяржаўных прадпрыемстваў у выніку дазволіла «Амкадору» вырасці ў холдынг. Паводле інфармацыі на сайце прадпрыемства, на цяперашні момант «Амкадор» аб'ядноўвае 27 прадпрыемстваў, у тым ліку 19 заводаў. Дакладная цяперашняя колькасць супрацоўнікаў невядомая, гучалі ацэначныя лічбы ў 7 тыс. чалавек. 

Камерцыйныя справы ў «Амкадора» маглі б ісці нармальна, але ягоны ўласнік дапусціў шэраг фатальных пралікаў, заняўшыся няпрофільным бізнэсам на заёмныя сродкі.

Няўдалы праект па будаўніцтве гіганцкага бізнес-цэнтра «Шантэр Хіл» каля Драздоў прывёў да выдаткавання абаротных сродкаў асноўных машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Трапіўшы ў крэдытную пастку, Шакуцін бясконца перакрэдытоўваўся ў дзяржавы.

Як вынікае з выпіскі дзяржаўнага рэестра, сёлета ў галаўную кампанію холдынга «Амкадор» прызначаны часовы знешні ўпраўляючы. Пры гэтым кампанія не знаходзіцца ў стадыі банкруцтва або ліквідацыі.

вс