У пачатку красавіка тэлеканал «Белсат» пісаў пра тое, як на міжнароднай мовазнаўчай канферэнцыі ва Украіне забаранілі беларускую мову.
Тэлеканал даслаў ліст у Нацыянальную акадэмію навук Украіны і на адрас арганізатараў канферэнцыі, каб удакладніць, на падставе якіх дакументаў беларуская мова выключаецца з пераліку моваў канферэнцыі. Адказу дагэтуль няма. З падобным зваротам ва ўстанову звярнуўся таксама выканаўца абавязанняў прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Баркоўскі.
7 траўня, сталася вядома, што НАН Украіны адмяняе абмежаванне на выкарыстанне беларускай мовы падчас міжнароднай мовазнаўчай канферэнцыі ў Кіеве.
«Мы ўдзячныя прэзідыуму НАН Украіны за пастанову зняць абмежаванні. Незалежныя беларускія навукоўцы маюць магчымасць узяць удзел у канферэнцыі, карыстаючыся сваёй роднай моваю. З разуменнем ставімся да абмежаванняў, што датычаць супрацы з афіляванымі з рэжымам установамі. Спадзяюся, гэты прэцэдэнт замацуе разуменне, што беларуская мова – мова народу, а не дыктатуры. І яна не будзе дыскрымінаваная і на іншых падзеях ва Украіне. Мы чакаем адказу і ад міністра асветы Украіны наконт магчымасці на заканадаўчым узроўні выразна адрозніваць рэгуляванне выкарыстання беларускай мовы як мовы беларускага народу, мовы беларускай меншасці ва Украіне і супрацоўніцтва з установамі, афіляванымі з рэжымам», — паведаміў Павел Баркоўскі.
Нагадаем, Інстытут украінскай мовы Нацыянальнай акадэміі навук Украіны абвясціў правядзенне міжнароднай навуковай канферэнцыі «Дыялекты ў сінхраніі і дыяхраніі», што адбудзецца 9–10 кастрычніка 2025 года ў Кіеве. Працоўнымі мовамі канферэнцыі былі пазначаныя ўкраінская, іншыя славянскія (акрамя расійскай і беларускай) і англійская.
эж