Аляксандр Лукашэнка «памілаваў» 42 чалавекі, асуджаныя па палітычных артыкулах, спасылаючыся на «Пул першага», паведамляе reform.news.
Сярод іх 18 жанчын і 24 мужчыны. З іх 13 маюць хранічныя захворванні, адзін чалавек мае інваліднасць. У 24 асуджаных ёсць непаўналетнія дзеці, двое - шматдзетныя. Дзесяць чалавек старэйшыя за 50 гадоў, адзін дасягнуў пенсійнага ўзросту. Сцвярджаецца, што яны «хадайнічалі аб памілаванні, прызналі віну і раскаяліся». Кантроль за імі будзе ажыццяўляць Міністэрства унутраных спраў.
Нагадаем, 7 траўня ўзурпатар таксама падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».
Варта адзначыць, што амністыя не распаўсюджваецца на тых, хто быў асуджаны за «экстрэмісцкія злачынствы». Гаворка ідзе пра артыкулы КК, паводле якіх выносяцца прысуды апанентам Лукашэнкі, удзельнікам пратэстаў у 2020-м і наступных гадах.
эж