Беларуская Служба

У Мінску прыгразілі «Арэшнікам» і ядзернай зброяй на вучэннях «Захад-2025»

18.05.2025 18:55
«Ці будзе выкарыстанне «Арэшніка» і тактычнай ядзернай зброі адпрацоўвацца? Можна меркаваць, што так».
Расійскі эксперыментальны рухомы грунтавы ракетны комплекс «Арэшнік» і аднайменная балістычная ракета сярэдняй дальнасцікрыніца: tehnoomsk.ru

У Мінску не выключылі, што падчас вучэнняў «Захад-2025», якія адбудуцца ўжо гэтай восенню, можа быць адпрацаванае выкарыстанне «Арэшніка» і тактычнай ядзернай зброі, паведамляе «Белсат».

Заяву пра магчымасць выкарыстання згаданай зброі зрабіў у эфіры СТВ намеснік начальніка факультэту Генштабу УС Вайсковай акадэміі Беларусі Андрэй Багадзель.

Вучэнні «Захад-2025», паводле Багадзеля, не будуць мець абстрактнага характару. Падчас іх будзе ўлічанае правядзенне вучэнняў Злучанымі Штатамі ды іх саюзнікамі (маюцца на ўвазе вучэнні «Defender-25», якія пачаліся 11 мая), а таксама вайскова-палітычная сітуацыя, што складваецца сёння ў беларускім кірунку.

«У гэтых вучэннях найперш будуць адпрацаваныя самыя сучасныя формы і спосабы выкарыстання войскаў. Менавіта з улікам спецыяльнай вайсковай аперацыі (так называюць вайну ва Украіне беларускі і расійскі рэжымы – рэд.). Ці будзе выкарыстанне «Арэшніка» і тактычнай ядзернай зброі адпрацоўвацца? Можна меркаваць, што так», – адзначыў Багадзель.

Пры гэтым ён адзначыў, спасылаючыся на Аляксандра Лукашэнку, што выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі адбудзецца «толькі ў выпадку, калі суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны будзе створаная пагроза».

У самім сюжэце лішні раз палічылі неабходным падкрэсліць, што, нягледзячы на ўсю «рыторыку кіраўніцтва заходніх дзяржаваў у дачыненні вучэнняў», Аляксандр Лукашэнка неаднойчы заяўляў, што яны будуць насіць абарончы характар.

вс