Блогер Сягей Пятрухін прапанаваў Латушку пайсці ў адстаўку. Латушка не пабачыў сваёй віны ў знікненні спікеркі Каардынацыйнай рады, паведамляе «Белсат».
Дэлегат Каардынацыйнай рады, блогер Сяргей Пятрухін спытаў са спасылкаю на «людзей у інтэрнэце»: ці не сорамна Паўлу Латушку пасля гісторыі са знікненнем спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, чаму ён дагэтуль не сышоў у адстаўку, а «з’яўляецца на людзях»?
Пятрухін не ўдакладніў, з якой пасады мае пайсці Латушка. Той ёсць дэлегатам КР і лідарам найбуйнейшай фракцыі ў КР «Каманда Латушкі і рух "За свабоду"», да якой належала і Мельнікава, а таксама прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету ў транзіце ўлады і намеснікам кіраўніцы Кабінету, абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай. Яшчэ Латушка – стваральнік і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
«А за што мне павінна быць сорамна? – перапытаў Латушка Пятрухіна. – За тое, што з намі ваюе Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь? За тое, што супраць нас дзее КДБ? За тое, што я на гэтым тыдні атрымаў мэйл 151-ы пра тое, што "прынятая пастанова аб вашай фізічнай ліквідацыі"?»
Латушка нагадаў, што ў Польшчы распачалі ўжо дзве крымінальныя справы датычна спробаў ягонага забойства, таму ён мае ахову.
Паводле палітыка, адзін «вельмі ўплывовы чалавек у гэтай краіне» днём раней сказаў яму, што ўлады Беларусі гэтак дзейнічаюць супраць дэмакратычных сілаў, бо тыя моцныя і не здаюцца.
Латушка спытаў Пятрухіна, з кім ваюе ён, але той не адказаў, адзначыўшы, што пытаў пра адстаўку Латушкі не ён, а «людзі з інтэрнэту».
У сувязі са знікненнем Мельнікавай было яшчэ адно пытанне: блогер Сяргей Коршун спытаў, ці плануе Каардынацыйная рада, НАУ і Офіс Ціханоўскай прайсці паліграф – «дэтэктар хлусні». Яму адказала Ціханоўская: яна не зразумела, чаму гэта трэба, хто менавіта мусіць прайсці паліграф і на якія пытанні. Адказу ад Коршуна яна не атрымала.
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўразвязу 26 лютага 2025 года, паляцела ў Лондан. На ейны асабісты рахунак былі пераведзеныя грошы з ейнага фонду, што прызначаліся «Кіберпартызанам» і Каардынацыйнай радзе. Незалежныя расследавальнікі казалі, з 28 лютага да 7 сакавіка Мельнікава жыла ў тым гатэлі з дзецьмі. 7 сакавіка Мельнікава з дзецьмі паляцела ў Дубай, там ейны след губляецца.
Паводле расследавання «Polityka» і «The Insider», разам з Мельнікавай лятаў агент беларускіх спецслужбаў Аляксей Лабееў, у якога Мельнікава была закаханая. «Кіберпартызаны» заявілі, што незалежна ад расследавальнікаў прасачылі сувязь Мельнікавай з Лабеевым і выявілі наяўнасць у апошняга пашпарту прыкрыцця на іншае імя.
вх