Беларуская Служба

У Беларусі з заробку ў канвертах прымусяць плаціць унёскі ў сацыяльны фонд

26.05.2025 12:30
З заробкаў «у канвертах» давядзецца плаціць унёскі ў ФСАН (Фонд сацыяльнага забеспячэння насельніцтва). Такія папраўкі плануецца ўнесці ў закон «Аб узносах у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь».
.
.Леся Лявонцьева / «Беларусы і рынак»

У законе з'явіцца паняцце «схаванай зарплаты (узнагароджання)». Такой зарплатай будзе лічыцца выплата ў грашовым або натуральным выражэнні за выкананне работы (аказанне паслугі, выкананне работы і стварэнне абʼекта інтэлектуальнай уласнасці) па працоўным або грамадзянска-прававым дагаворах без яе адлюстравання работадаўцам у падатковым і бухгалтарскім уліку, паведамляе myfin.by.

У выпадку ўстанаўлення такога факта такія выплаты, зробленыя на карысць работніка, у любой форме, па ўсіх падставах, незалежна ад крыніц фінансавання будуць лічыцца абʼектам для налічэння абавязковых страхавых узносаў. Пры гэтым з названых сум выплат на індывідуальных асабовых рахунках работнікаў улічваюцца сумы, вылічаныя з памеру 1/30 мінімальнай заработнай платы, устаноўленай і праіндэксаванай у адпаведнасці з заканадаўствам у месяцы, які папярэднічае месяцу ўстанаўлення факту схаванага заробку, за кожны каляндарны дзень перыяду, за які выплачана схаваная зарплата, і ў выплачаная прыхаваная зарплата.

Цяпер «мінімалка» ў Беларусі складае 726 рублёў. То бок за кожны дзень з моманту выдачы зарплаты «ў канверце» на рахунак ФСАН павінны быць залічаны па 24,2 рубля плюс індэксацыя на ўзровень інфляцыі.

Пры гэтым абавязковыя страхавыя ўзносы на ўтоеную заработную плату павінны складаць 35 працэнтаў ад сум праведзеных выплат, але не менш як 1/30 пяціразовай велічыні сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за месяц, які папярэднічае месяцу ўстанаўлення факта зарплаты «ў канверце», за кожны каляндарны дзень перыяду, за які праведзена такая выплата.

За нявыплату страхавых узносаў у Беларусі належыць штраф ад 2 да 20 базавых велічынь. А ўхіленне ад выплаты страхавых узносаў, якія пацягнулі прычыненне стратаў дзяржаве ў буйным памеры (звыш 2500 базавых велічынь) пагражае пазбаўленнем волі да 3 гадоў, а ў асабліва буйным памеры (звыш 5000 базавых велічынь) – ад 2 да 7 гадоў.

вх