Літва, якая падала на Беларусь у Міжнародны суд ААН у Гаазе, патрабуе больш за 200 мільёнаў еўра кампенсацыі за міграцыйны крызіс, выкліканы рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, паведаміла BNS літоўскае Міністэрства юстыцыі.
Паводле звестак міністэрства, гэтая справа можа мець дачыненне і да разгляду Еўрапейскім судом па правах чалавека (ЕСПЧ) спрэчак мігрантаў з Літвой.
«У заяве Літоўскай Рэспублікі гаворыцца, што дзяржава запатрабуе кампенсацыі, і (...) першапачатковыя ацэнкі шкоды складаюць больш за 200 мільёнаў еўра, выдзеленых толькі на кіраванне крызісам у рамках сістэмы ўнутраных спраў. Разлікі будуць перагледжаны», – заявіла Міністэрства юстыцыі.
У сваім пазове Літва сцвярджае, што такая шкода з 2021 па 2023 год была выклікана вымушанымі інвестыцыямі ў будаўніцтва фізічнага бар'ера, умацаваннем сістэм памежнага назірання і разгортваннем большай колькасці персаналу на мяжы, чым калі-небудзь раней, з-за дзеянняў Беларусі.
Як адзначылі ў міністэрстве, Міжнародны суд ААН у Гаазе не ізаляваны ад іншых і ягонае рашэнне можа паўплываць на ацэнку прадмета спрэчкі ў справах мігрантаў супраць Літвы, якія разглядаюцца Страсбургскім судом.
«Гэта можа паўплываць на іншыя працэсы або нават мець папярэдняе значэнне адносна пытанняў, якія будуць звязаны з адказнасцю дзяржавы ў іншых справах, напрыклад, пры ацэнцы прычынна-выніковай сувязі паміж адпаведнымі падзеямі і іх наступствамі», – заявілі ў Міністэрстве юстыцыі.
Папярэдняя сувязь паміж судовымі працэсамі заключаецца ў тым, што факты, устаноўленыя ў іншай справе, або тлумачэнне прававых актаў маюць юрыдычнае значэнне пры прыняцці судовага рашэння па разгляданай справе.
Паводле звестак міністэрства, Еўрапейскі суд па правах чалавека ў цяперашні час разглядае сем асобных спраў супраць Літвы адносна пытанняў правоў мігрантаў. У адказ на наплыў мігрантаў Літва з лета 2021 года пачала не прымаць нелегальных мігрантаў, загадаўшы ім вярнуцца ў Беларусь. Гэтая практыка працягваецца і па сённяшні дзень.
У Міністэрстве замежных спраў Літвы заяўляюць, што ўдзел Мінска ў наўмыснай арганізацыі міграцыйнага крызісу сведчыць той факт, што дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі павялічылі колькасць рэйсаў з Блізкага Усходу і іншых рэгіёнаў, арганізавалі выдачу віз і пражыванне для прыбываючых замежнікаў.
Усяго з пачатку міграцыйнага крызісу літоўскія памежнікі прадухілілі 23,6 тысячы спробаў нелегальнага ўезду замежнікаў у краіну.
Польшча разглядае магчымасць далучэння да пазову Літвы. «Міністэрства замежных спраў Польшчы ўважліва разглядае прапанову Літвы адносна магчымага ўдзелу нашай краіны ў гэтым працэсе», – цытавала надоечы словы МЗС Польшчы «Еўрарадыё».
аз