Беларуская Служба

У Беластоку пачаў дзейнічаць клуб для беларускіх пенсіянераў, якія не па сваёй волі апынуліся ў эміграцыі

27.05.2025 07:01
«Калі б у мяне была магчымасць патрапіць дадому, і калі б у мяне не было ног, я б папаўзла…». 
Помнік Юзафу Пілсудскаму ў БеластокуФота Паўла Залескага

Спрабуем аб’яднаць беларускіх сеньёрак у эміграцыі

Спадарыня Вольга ў вымушанай эміграцыі ўжо больш за два гады. З непрыхаваным смуткам згадвае родныя мясціны, якія давялося пакінуць. Кажа, што вельмі сумуе па сваёй маці, родных, блізкіх. У душы шмат цяпла, і яго хочацца камусьці перадаць. Так узнікла ідэя арганізаваць у Беластоку клуб для беларускіх пенсіянераў, якія апынуліся тут у вымушанай эміграцыі.

— Вось такая ўзнікла прапанова пры фундацыі “Okna na Wschód” — стварыць клуб сеньёраў. Мы спрабуем тут аб’яднаць нашых беларускіх прыгожых сеньёраў, кажучы па-беларуску — пенсіянераў. Але мне вельмі падабаецца гэта слова — сеньёры.

Гэта людзі яшчэ вельмі энергічныя, працавітыя, разумныя, але нейкай прасторы, дзе б яны маглі збірацца, не было. А таму, калі аб’яднаць пенсіянераў — то нешта добрае для іх атрымаецца.

Кожная наша сустрэча тэматычная

Мая суразмоўца кажа, што пакуль іх клуб нешматлікі: на першую сустрэчу прыйшло шэсць чалавек, на другую — дванаццаць. І, магчыма, з яе слоў, ён можа дарасці да дваццаці ўдзельнікаў. Праўда, пакуль прыходзяць толькі жанчыны. Тым не менш, арганізатары ўжо склалі праграму дзейнасці для сталых людзей.

— Кожная наша сустрэча тэматычная. У нас была арома-вечарына, на якой мы гаварылі пра водары: згадвалі водары свайго дзяцінства, з чым асацыюецца водар дома ў Беларусі. Некаторыя распавядалі такія кранальныя гісторыі, што астатнія проста плакалі. Рабілі сашэты з аромаалеям, і кожны панёс дадому часцінку свайго ўлюбёнага водару.

А ўчора была сустрэча, якая называлася “Беласток — мой новы дом”. Кожны распавядаў пра сваё любімае месца ў горадзе. Разглядалі мапу Беластока і шукалі цікавыя мясціны, куды абавязкова збіраемся выбрацца ў вандроўку. Яшчэ ўчора мы падрыхтавалі для кожнага паштоўкі, на якіх кожны напісаў адзін аднаму некалькі прыгожых слоў. Мая сяброўка аднесла іх на пошту, і кожны атрымае гэтыя паштоўкі.

На нашых сустрэчах абавязкова запальваюцца знічкі, мы п’ем смачную гарбату з цудоўным печывам.

Многія з нас хочуць дадому…

Праўда, спадарыня Вольга, распавядаючы пра новы клуб і яго ўдзельнікаў, сумна заўважае, што многія з іх вельмі хочуць дадому, сумуюць і не хаваюць свайго настрою. Жанчына лічыць, што старэйшым людзям эміграцыя даецца з цяжкасцю.

— Я ўчора пачула фразу ад адной жанчыны: “Калі б у мяне была магчымасць патрапіць дадому, і калі б у мяне не было ног, я б папаўзла…”. Мы плакалі. Ды і я таксама хачу дадому… Але так думаюць не ўсе — многія радуюцца, што яны на свабодзе, разам са сваімі дзецьмі. Адна жанчына, пачуўшы гэтыя словы, з такім жалем у сэрцы адказала: “Замаўчыце! Каб вы пасядзелі на Акрэсціна, вы б не хацелі ў Беларусь…”. І мы сапраўды замаўчалі, а потым працягнулі размаўляць пра свой новы дом.

У многіх дагэтуль сядзіць страх

Мая суразмоўца трохі задумалася, а потым сваім ціхім, спакойным голасам кажа, што, назіраючы за сталымі людзьмі, заўважае: у некаторых з іх страх не знікае нават тут, у замежжы.

— Ну вось, напрыклад, трэба зрабіць здымак, каб паказаць, што ў нас ёсць такі клуб, што мы тут збіраемся, але ўсе баяцца, каб не здарылася нічога потым, каб не нашкодзіла блізкім, якія засталіся ў Беларусі. Дзіўна, але людзі баяцца нават тут за сваю бяспеку, знаходзячыся ў іншай краіне.

— А што вы думаеце на гэты конт?

— Памяць… памяць сэрца. Нам, беларусам, давялося шмат перажыць у гісторыі, нас шмат палохалі. І вось мы захацелі нешта трохі змяніць, але… А тут людзі старэйшыя, якія жылі яшчэ пры савецкай уладзе. Потым удалося пару гадоў той свабоды ўдыхнуць — і зноў назад. Страх той застаўся. Вельмі сумна. І колькі яшчэ павінна прайсці часу, каб мы трохі расправілі нашы плечы…

Нашы пенсіянеркі тут цяжка працуюць, але прыгожа выглядаюць і сочаць за сабой

Спадарыня Вольга, распавядаючы пра беларускіх сеньёрак, якія прыходзяць у клуб, кажа, што асабліва пра нешта асабістае яны не гавораць, але яна ведае: усім ім даводзіцца працаваць, і нярэдка цяжка. Ніхто з іх у Польшчы пенсію не атрымлівае, а плаціць за кватэру, харчавацца, апранацца і г.д. трэба.

— Некаторыя працуюць на заводах і працуюць цяжка. Многія зарабілі на пенсію ў сваёй краіне, але не могуць яе нават аформіць. Некаторыя даглядаюць тут старэйшых людзей. Адна жанчына пайшла вучыцца ў паліцыянальную школу, вучыцца на медыцынскую апякунку і пойдзе працаваць у шпіталь. Я толькі падкрэслю: нашы беларускія жанчыны — усе баявыя, вельмі прыгожа выглядаюць, малаважныя, сочаць за сабой. Мне здаецца, яшчэ ёсць трохі пораху ў парахаўніцах.

Наша мэта — інтэграцыя ў новае грамадства

Да ўсяго, спадарыня дадае, што беларускія сеньёркі актыўныя, маюць шмат розных інтарэсаў і проста дома не сядзяць.

— Спяваюць, удзельнічаюць у хоры, наведваюць музеі, ездзяць на экскурсіі ў навакольныя мястэчкі вакол Беластока, вывучаюць мову і даглядаюць унукаў.

Адна з галоўных мэт існавання клуба беларускіх пенсіянераў у эміграцыі, як падкрэслівае суразмоўца, — дапамагчы людзям інтэгравацца ў новае грамадства. І на падставе гэтага будуецца план працы новастворанай арганізацыі.

— Наша мэта — інтэграцыя. І, як казала адна з нашых удзельніц: “У мяне няма часу чакаць, калі я вярнуся на радзіму, мне трэба жыць тут і цяпер”. А таму мы і складаем нашы планы так, каб яны садзейнічалі гэтаму. Мы абавязкова збіраемся ладзіць сумесныя сустрэчы і мерапрыемствы з падобнымі польскімі арганізацыямі, плануем разам вывучаць польскую мову. Наша асноўная мэта — гэта інтэграцыя ў польскае грамадства.

Павел ЗАЛЕСКІ

Ілюстрацыйны здымак: . Фота Паўла Залескага.