Беларуская Служба

Беларусы замежжа гатовыя ствараць нацыянальныя батальёны ў краінах НАТА

28.05.2025 16:45
Паводле апытання, беларусы зацікаўленыя атрыманнем вайсковага досведу па стандартах НАТА.
Ілюстрацыйны здымакфота: Zerkalo.io/Tut.by

Беларусы замежжа гатовыя служыць у нацыянальных падраздзяленнях у краінах НАТА і ствараць там нацыянальныя батальёны. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага сярод палітуцекачоў, паведамляе  «Еўрарадыё».



Як расказалі ў  «Белпол», мэтай апытання было выявіць колькасць беларусаў, гатовых праходзіць вайсковую службу на кантрактнай аснове ў краінах НАТА ў беларускіх нацыянальных вайсковых падраздзяленнях, калі такія будуць створаны. Арганізатары кажуць, што вынікі апытання пераўзышлі ўсе чаканні.

Ахоп аўдыторыі, якая атрымала звесткі пра магчымасць прайсці апытанне праз гугл-форму, арганізатары ацэньваюць прыкладна ў 30 тысяч чалавек. З іх 26 тысяч — карыстальнікі платформы SVAE, якія не пражываюць у Беларусі.

Удзел у апытанцы прынялі 590 чалавек. Прычым больш за 500 з іх выказалі зацікаўленасць ва ўдзеле ў нацыянальных баявых падраздзяленнях. А палова ад гэтай колькасці выявіла адназначную гатоўнасць да такой службы.

Арганізатары адзначаюць, што апытанне праводзілася ва ўмовах высокай небяспекі для яго ўдзельнікаў. Выказваліся падазрэнні, што гэта правакацыя з боку спецслужбаў Лукашэнкі. Акрамя таго, апытанне праводзілася без дастатковай канкрэтыкі, што таксама змяншала колькасць ахвочых адказаць на пытанні. Таксама арганізатары падкрэсліваюць, што прыкладна палова апытаных з’яўляюцца жанчынамі, сярод якіх вайсковая дзейнасць з’яўляецца значна менш прывабнай.



 «З улікам гэтых і іншых негатыўных фактараў, атрыманыя лічбы дэманструюць істотны патэнцыял беларусаў замежжа стварыць беларускія нацыянальныя ўзброеныя падраздзяленні і атрымаць вайсковы досвед па стандартах НАТА», — падкрэсліваюць у «Белпол».

аз

Ваяр Палка Каліноўскага: Нам прыходзілася жыць ва ўмовах, дзе ты ўвесь час адчуваеш смурод гніючых цел (ФОТА)

28.05.2025 14:15
У Варшаве можна пабачыць здымкі Яўгена Жураўскага, якія ён рабіў на фронце на плёначны фотаапарат.