Беларуская Служба

На праваслаўным фестывалі ў Віцебску заклікалі пісаць лісты расійскім салдатам

30.05.2025 19:11
Велікодны праваслаўны фэст «Радасць» праходзіў пад патранатам скандальна вядомага Свята-Елісавецінскага манастыра.
Праваслаўная царква фота: _Alicja_/pixabay.com/CC0

Велікодны праваслаўны фэст «Радасць» праходзіў сёлета ў Віцебску з 18 па 28 мая пад патранатам скандальна вядомага Свята-Елісавецінскага манастыра і пры падтрымцы Віцебскай епархіі. Хаця арганізатары фестывалю ўсяляк спрабавалі замаўчаць вайсковую тэматыку мерапрыемства, самі прарасійскія актывісты зафіксавалі мілітарысцкі змест фестывалю.

Адзін з такіх актывістаў – Андрэй Шчалкуноў паказаў, што цэнтральнае месца заняў банар з Аляксандрам Захарчанкам – адным з былых лідараў «ДНР», прызнанай ва Украіне тэрарыстычнай структурай, і стэнд, які прысвечаны іншаму фігуранту расійскай агрэсіі – Арсену Паўлаву. Побач арганізатары ўсталявалі стол для напісання лістоў расійскім салдатам, які суправаджаецца банарам з інструкцыямі, як гэта рабіць. У асобным намёце, упрыгожаным георгіеўскай стужкай, былі выстаўленыя стэнды з вайсковым зместам.

Усе гэтыя факты паказваюць, што пад фасадам «сямейнага праваслаўнага фестывалю» хаваецца адкрытая падтрымка вайны і схаванае вербаванне беларусаў на вайну з Украінай на баку Расіі. Пры гэтым расійскія ваенныя карэспандэнты падкрэсліваюць, што страты на фронце цяпер велізарныя і было б вельмі дарэчы такое падмацаванне.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск