Камітэт дзяржаўнай бяспекі правёў ператрусы ў людзей, якія ўдзельнічалі ў сацыялагічных апытаннях Беларускай аналітычнай майстэрні — гэта незалежная сацыялагічная і аналітычная ініцыятыва, заснаваная ў 2012 годзе ў Варшаве сацыёлагам Андрэем Вардамацкім.
Як паведамляе выданне «Позірк», пасля ператрусаў некаторых затрымалі. Таксама вядома, што некаторыя грамадзяне атрымалі статус сведкаў па справе, як мінімум на аднаго пачалі крымінальную справу. Аднаму ўдзельніку апытанняў удалося выехаць у бязвізавую краіну. Падчас ператрусаў кадэбісты канфіскоўвалі аргтэхніку: камп'ютары, ноўтбукі, тэлефоны. Яны цікавіліся, хто праводзіў сацапытанні, колькі за гэта плацілі і якім чынам.
Паводле некаторых звестак, па гэтай жа справе затрымалі полацкую журналістку Ціну Палынскую і яе дачку.
16 траўня КДБ прызнаў Беларускую аналітычную майстэрню «экстрэмісцкім фармаваннем», аднак дакумент пра гэта быў апублікаваны толькі 21 траўня. А 22 і 23 траўня на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі сюжэт пра БАМ, створаны з удзелам КДБ.
эж