Беларуская Служба

Блогера Антона Матольку завочна асудзілі да 20 гадоў калоніі. Працэс доўжыўся амаль паўгода

05.06.2025 15:30
36-гадоваму блогеру інкрымінавалі ажно 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
 a
Антон Матолькaspring96.org

Гродзенскі абласны суд завочна асудзіў блогера і заснавальніка цяпер ужо закрытага праекта па маніторынгу вайсковай актыўнасці «Беларускі гаюн» Антона Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі, паведаміла трэцяга чэрвеня прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Таксама яму прызначылі штраф у памеры 2 000 базавых велічыняў (84 тысяч рублёў). У межах спецыяльнай вытворчасці яго абвінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «здрада дзяржаве«. Працэс пачаўся яшчэ 14 снежня 2024 года. Прысуд вынес Ігар Собалеў.

Антона Матольку ў прэс-рэлізе ведамства назвалі «стваральнікам, адміністратарам і кіраўніком шэрагу Тэлеграм-каналаў («Матолькапамагі«, «Дыяспары Беларусі супраць вайны: Дзечат», «Беларускі Гаюн» і іншых). Паводле версіі следства, у канцы траўня 2020 года ён «арганізаваў і ажыццяўляў кіраўніцтва змовай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

«У ходзе рэалізацыі сваіх намераў ён у перыяд электаральнай кампаніі і пасля выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся ў жніўні 2020 года, арганізаваў на тэрыторыі краіны масавыя беспарадкі, а таксама групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак. Публічна заклікаў праз падкантрольныя яму Тэлеграм-каналы да захопу ўлады. Распаўсюджваў звесткі, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь. Пагражаў ужываннем гвалту. Публічна абразіў і абгаварыў кіраўніка дзяржавы і іншых службовых асоб. распальваў сацыяльную варожасць у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Пры гэтым здзейсніў здраду дзяржаве», – сцвярджаюць у Генпракуратуры.

36-гадоваму блогеру інкрымінавалі 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Пазней Антон Матолька апублікаваў у Фэйсбуку дэталі прысуду, які завочна вынес яму Гродзенскі абласны суд:

- змова з мэтай захопу ўлады – 12 гадоў са штрафам у 1000 базавых (42 000 рублёў);
- арганізацыя масавых беспарадкаў – 12 гадоў;
- арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак – тры гады;
- распальванне сацыяльнай варожасці з цяжкімі наступствамі – 12 гадоў;
- публічныя заклікі да захопу ўлады, да актаў тэрарызму і да санкцый – 12 гадоў ша штрафам у 1000 базавых (42 000 рублёў);
- пагроза гвалтам у дачыненні да Лукашэнкі – шэсць гадоў;
- паклёп на Лукашэнку – пяць гадоў;
- публічная абраза Лукашэнкі – тры гады;
-публічная абраза Лукашэнкі, спалучаная з абвінавачаннем у асабліва цяжкім злачынстве – чатыры гады;
- распаўсюджванне «заведама ілжывых звестак» аб Беларусі – чатыры гады са штрафам 800 базавых (33 600 рублёў);
- стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем – шэсць гадоў са штрафам у 1000 базавых (42 тысячы рублёў);
- паўторнае стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем – дзевяць гадоў са штрафам у 1000 базавых (42 тысячы рублёў);
- зборы для «забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці» – шэсць гадоў са штрафам у 800 базавых (33 600 рублёў);
- прадстаўленне маёмасці для «забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» – 5 гадоў;
- іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (групавое) – шэсць гадоў са штрафам у 700 базавых (29 400 рублёў);
- здрада дзяржаве – 13 гадоў са штрафам у 1000 базавых (42 000 рублёў).

Таксама суд наклаў арышт на аўтамабіль Мазда МX-3 1994 года выпуску, садовы домік і зямельны ўчастак у Ждановіцкім сельсавеце Мінскага раёну, 49,75 долараў, 15,06 еўра, 30,77 рублёў і 1,31 еўра на рахунках у банках, планшэт iPad А1337 з USB-кабелем. Рэчавыя доказы ў выглядзе DVD-R і CD-R дыскаў вырашана захоўваць пры матэрыялах справы, як і шэсць бэйджаў на імя Антона Матолькі і два значкі з надпісам «Свабода».

аз

Ціханоўская: Яны не хочуць перамоў, яны хочуць, каб мы добраахвотна пайшлі ў турмы

05.06.2025 08:11
Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю польскаму выданню Rzeczpospolita заявіла, што беларускія дэмакратычныя сілы адкрыты да канструктыўных кантактаў з прадстаўнікамі рэжыму.

Палітвязню Уладзіміру Кнізе ў другі раз дадалі яшчэ год калоніі

05.06.2025 11:09
За непадпарадкаванне палітвязня адміністрацыі калоніі судзяць ужо другі раз.