Беларуская Служба

12 жыхароў Віцебшчыны – у абноўленым спісе «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці»

09.06.2025 20:03
Да жніўня 2025 года сілавікі паспрабуюць прыцягнуць яшчэ больш людзей да крымінальнай адказнасці.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

З чарговага абнаўлення «экстрэмісцкага» спіса МУС стала вядома пра новыя прысуды, якія вынеслі ў дачыненні да жыхароў Віцебскай вобласці за пратэсты па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, па артыкулах 368 і 369 – за абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, а таксама за данаты па артыкуле 361 Крымінальнага кодэкса.

У спісе фігуруе адна жыхарка Оршы і нараджэнец Браслава. Іншыя 10 чалавек – жыхары Глыбокага і Глыбоцкага раёна, прычым чацвёра з іх – гэта дзве сямейныя пары.
Жыхары Глыбоччыны асуджаны, напэўна, па выніках леташняга масавага «хапуна», які пракаціўся па рэгіёне ўвосені. «Экстрэмісцкі» спіс не перастае абнаўляцца, бо сілавікі імкнуцца затрымаць яшчэ больш людзей і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці.

Магчымая прычына: у жніўні 2025 года пачынае мінаць тэрмін даўнасці па артыкуле 342 ч. 1 – па якой масава затрымліваюць беларусаў, якія выходзілі на пратэсты ўлетку-зімой 2020 года. Але сілавікі не збіраюцца спыняцца, бо можна чыніць рэпрэсіі па больш цяжкіх артыкулах, а таксама заводзіць крымінальныя справы за лайкі ў сацсетках, пасты, рэпосты, а таксама за данаты.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск