Беларуская Служба

Ці гатовы ПВТ прыняць IT-спецыялістаў, якія хочуць вярнуцца. Што расказала новая кіраўніца

12.06.2025 12:15
Парк высокіх тэхналогій (ПВТ) гатовы прыняць ІТ-спецыялістаў, якія хочуць вярнуцца, пры ўмове, што яны будуць гатовыя працаваць «паводле правілаў і ўказанняў», якія дае дзяржава.
.
ПВТ.Фота: https://belarusfacts.by

«Я скажу шчыра, што, абяртаючыся [...] у гэтым асяроддзі, казаць, што яны сапраўды нейкія людзі, якія ўвогуле не могуць ацаніць перавагі радзімы, напэўна, гэта было б няправільна. Таму тут, напэўна, размова будзе ісці пра тое, наколькі гэтыя людзі гатовыя, па-першае, працаваць паводле тых правілаў і ўказанняў, якія дае наша краіна, і наколькі мы са свайго боку прапануем рэжым, умовы, якія максімальна дазваляюць ім задаволіць свае амбіцыі. Таму тут такі двухбаковы рух», – сказала ў інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1» Ганна Рабава, якую 29 траўня прызначылі на пасаду начальніцы сакратарыяту назіральнай рады Парку высокіх тэхналогій.

Яна не думае, што «ёсць нейкія забароны, калі няма нейкіх наўпрост жорсткіх абмежаванняў для вяртання».

«Ува ўсіх іншых выпадках, вядома, у нас краіна заўсёды, гэта брэнд быў нашай краіны, што мы чакаем, вітаем, падтрымліваем тых людзей, якія жадаюць на нашай тэрыторыі развівацца, прыносіць нам карысць», – сказала Ганна Рабава.

Новая кіраўніца ПВТ паведаміла, што пасля выезду шэрагу ІТ-кампаній з Беларусі іх замянілі ўжо беларускія кампаніі і спецыялісты. Паводле яе, цяпер у ПВТ 1026 рэзідэнтаў, а экспартная выручка захоўваецца на ўзроўні 2 мільярдаў долараў.

Ганна Рабава адзначыла, што цяпер крыптакампаніі «вырысоўваюцца» як асобны трэнд у ПВТ. «Вядома, цікавы сегмент, які ўжо займаецца не чыстым праграмным забеспячэннем, а ўбудаваным у праграмна-апаратныя комплексы, то бок нейкае абсталяванне інавацыйнае, скажам так, прыладу больш поўнага жыццёвага цыклю. Безумоўна, новыя адукацыйныя тэхналогіі – усё гэта трэнды», – сказала Ганна Рабава.

Апошнім часам дзяржаўная прапаганда Беларусі ўсё часцей выкарыстоўвае факты вяртання ІТ-спецыялістаў, каб пераканаць грамадзян, як кепска жыць у замежжы. У той жа час, паводле звестак праваабаронцаў, каля сотні беларускіх ІТ-спецыялістаў засуджаныя ў крымінальных справах. Тэрміны розныя – ад пары гадоў папраўчых работ за нібыта хуліганства і ўдзел у пратэстах да 10–12 гадоў за ахвяраванні і падтрымку «экстрэмісцкай дзейнасці».

svaboda.org/вх