Праваабарончая ўстанова «Лекары за праўду і справядлівасць» запрашае на канферэнцыю «Жанчыны ў зняволенні: нябачны боль пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі» для ўдзелу ў дыскусіі аб крызісным становішчы зняволеных жанчын у Беларусі. Канферэнцыя пройдзе 25 чэрвеня 2025 года ў Вільні, паведамляе «Вясна».
Як адзначаюць «Лекары за праўду і справядлівасць», Беларусь працягвае трымаць сумнае лідарства ў Еўропе не толькі па колькасці зняволеных у адносінах да колькасці насельніцтва, але і па колькасці зняволеных жанчын.
«Па нашых дадзеных, у беларускіх турмах утрымліваецца не менш за 30 000 вязняў, з якіх каля 10 % – жанчыны. А сярод палітычных зняволеных жанчыны складаюць ужо амаль 15 %».
Жанчыны ў пенітэнцыярнай сістэме застаюцца нябачнымі:
- сістэма аховы здароўя не ўлічвае іх спецыфічных патрэбаў;
- доступ да псіхалагічнай і медыцынскай дапамогі выразна абмежаваны;
- гвалт, прыніжэнне і абыякавасць з боку адміністрацыі з’яўляюцца не выключэннямі, а нормай.
Трагічныя выпадкі смерці Ганны Кандраценкі і Тамары Каравай, якія нядаўна памерлі пасля вызвалення, толькі падкрэсліваюць патрэбу ва ўсебаковым аналізе ролі пенітэнцыярных медыцынскіх службаў.
На канферэнцыі 25 чэрвеня каманда «Лекараў за праўду і справядлівасць» прэзентуе: вынікі комплекснага даследавання пра стан здароўя і правы жанчын у зняволенні; сведчанні тых, хто прайшоў праз турмы; экспертаў і экспертак з галіны медыцыны, права і псіхалогіі. Праграма канферэнцыі таксама прадугледжвае дыскусію на згаданыя тэмы.
Сярод закранутых тэмаў будуць:
- «Жанчына ў беларускай турме. Правы зняволеных жанчын і беларускія рэаліі ў кантэксце правоў чалавека» (Павел Сапелка, ПЦ «Вясна»);
- «Псіхалагічныя наступствы пазбаўлення волі для жанчын у Беларусі: ПТСР і дэпрэсія як праяўленні. Патрэба ў псіхалагічнай дапамозе падчас і пасля зняволення» (Вольга Вялічка);
- «Рэпрадуктыўнае здароўе жанчын і зняволенне» (Станіслаў Салавей);
- «Псіхічнае здароўе жанчын у зняволенні і пасля вызвалення» (Уладзімір Пікірэня);
і інш.
Уваход на канферэнцыю вольны, але дзеля забеспячэння спрыяльных умоў удзельнікаў просяць прайсці папярэднюю рэгістрацыю па спасылцы.
Дата і месца правядзення: 25 чэрвеня 2025 г., 10.00 – 16.30, канферэнц-зала Conti Hotel – Raugyklos g. 7, Вільня.
Кантакты для атрымання дадатковай інфармацыі: doctorsby.com@gmail.com +370 63827081
аз