Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі журналістаў (International Federation of Journalists,IFJ) на сустрэчы ў Манрэалі 10 і 11 чэрвеня 2025 года запатрабаваў вызвалення ўсіх зняволеных беларускіх журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.
«Нягледзячы на тое, што з моманту пратэстаў супраць фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе прайшло амаль пяць гадоў, рэпрэсіі ў краіне супраць журналістаў і грамадзянскай супольнасці не зменшыліся. У «Індэксе свабоды прэсы 2025 года» Беларусь займае 166-е месца са 180 краін свету. Прынамсі сорак нашых калег зараз знаходзяцца за кратамі ў Беларусі. Некаторыя з іх былі асуджаныя на працяглыя тэрміны пазбаўлення волі – восем, 13, 14, 15 гадоў пазбаўлення волі толькі за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў», – чытаем у заяве выканаўчага камітэта арганізацыі.
Яго члены нагадваюць, што Беларускія ўлады расцэньваюць журналісцкую працу як «экстрэмісцкую дзейнасць», «арганізацыю масавых беспарадкаў» або «здраду дзяржаве».
Яны таксама нагадваюць, што Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), была абвешчана «экстрэмісцкай» групай і забароненая ў Беларусі ў 2023 годзе, як і многія незалежныя СМІ і арганізацыі ў краіне.
«Гэта азначае, што кожны актывіст і лідар БАЖ знаходзіцца пад непасрэднай пагрозай адвольнага крымінальнага пераследу ў Беларусі. Больш за тое, любую асобу могуць прыцягнуць да адказнасці за супрацоўніцтва з «экстрэмісцкімі» групоўкамі, нават за лайкі або рэпосты іх кантэнту ў сацыяльных сетках», – чытаем у дакуменце.
Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі журналістаў заклікаў улады Беларусі вызваліць усіх журналістаў з турмы і спыніць іх пераслед толькі за выказванне свайго меркавання, а ўрады дэмакратычных краін – падтрымаць гэтыя патрабаванні на дыпламатычным узроўні.
аз