Беларуская Служба

У Латвіі забаранілі грамадзянам Беларусі і РФ працаваць на аб’ектах крытычнай інфраструктуры

13.06.2025 09:11
Грамадзяне Беларусі і Расіі не змогуць працаваць у тым выпадку, калі пасада звязаная з допускам да інфармацыі або тэхналагічнага абсталявання, неабходных для функцыянавання крытычнай інфраструктуры.
У Латвіі забаранілі грамадзянам Беларусі і РФ працаваць на аб’ектах крытычнай інфраструктуры Tanya Keisha/shutterstock

Парламент Латвіі 12 чэрвеня ўхваліў у трэцім, апошнім чытанні, змены ў закон аб нацыянальнай бяспецы, якія прадугледжваюць забарону для грамадзян Расіі і Беларусі на працаўладкаванне або наданне паслуг у крытычнай інфраструктуры.

Як паведаміла выданне delfi.lv, сярод такіх аб’ектаў — сістэмы і іх часткі, размешчаныя ў Латвіі і неабходныя для выканання важных грамадскіх функцый, а таксама для абароны здароўя, бяспекі, эканамічнага ці сацыяльнага дабрабыту людзей.

Грамадзяне Беларусі і Расіі не змогуць працаваць у тым выпадку, калі пасада звязаная з допускам да інфармацыі або тэхналагічнага абсталявання, неабходных для функцыянавання крытычнай інфраструктуры. У той жа час закон прадугледжвае, што беларусы і расіяне змогуць працаваць на такіх аб’ектах толькі на падставе асобнага дазволу, выдадзенага ад нацыянальнага органу бяспекі.

Апроч таго, заканадаўчыя змены прадугледжваюць, што грамадзяне Беларусі і Расіі не змогуць стаць уласнікам, бенефіцыярамі або кіраўніком аб’ектаў крытычнай інфраструктуры еўрапейскага значэння.

svaboda.org/эж