Беларускі крымінальны аўтарытэт Дзмітрый Галееў на мянушку Міця Галей цяпер у Польшчы на законных падставах, паведамляе выданне «Wirtualna Polska» са спасылкаю на крыніцы ў польскай паліцыі. У пачатку чэрвеня «BYPOL» паведаміў, што прадстаўнікі групоўкі Галеева едуць у Варшаву, каб узяць пад кантроль мясцовы крымінальны свет і дыскрэдытаваць беларусаў у Польшчы, піша Белсат.
У звязку з паведамленнем «BYPOL» журналісты спыталі ў варшаўскай паліцыі і Галоўнай управе паліцыі, ці прымаюць яны пад увагу папярэджанні аб пранікненні ў Польшчу прадстаўнікоў крымінальных груповак з Беларусі.
Журналісты атрымалі толькі неафіцыйнае пацвярджэнне таго, што Міця Галей цяпер у Польшчы, прычым на законных падставах.
«Мы сур'ёзна ставімся да такіх сігналаў. Яны заўсёды правяраюцца і аналізуюцца», – распавяла крыніца ў Галоўнай управе паліцыі.
3 чэрвеня «BYPOL» паведаміў, што ў Варшаву сталі прыбываць добра падрыхтаваныя байцы з Беларусі і Расіі з групоўкі злодзея ў законе Дзмітрыя Галеева на мянушку Міця Галей, які 22 снежня 2023 года вызваліўся з Івацэвіцкай папраўчай калоніі № 5.
«Групоўка Галея павінна дыскрэдытаваць беларусаў перад уладамі Польшчы, стварыўшы перадумовы непадаўжэння беларусам дазволаў на знаходжанне і высылкі ў краіну паходжання. У беларускіх прапагандысцкіх каналах цягам апошніх месяцаў зʼяўлялася інфармацыя пра тое, што хутка беларуская апазіцыя ў Польшчы атрымае сюрпрыз, і пачнуцца высылкі беларусаў», – піша «BYPOL».
Як сцвярджае «BYPOL», Галееў атрымаў «дзяржаўнае фінансаванне», каб узяць пад кантроль крымінальны свет Варшавы.
«Ёсць падставы меркаваць, што гэта новы від гібрыднай вайны, якую спецслужбы Беларусі і Расіі наважыліся апрабаваць на Польшчы», – падкрэслілі ў структуры.
Белсат