Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала адказнасць Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны праз або на тэрыторыю Беларусі, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Адпаведная папраўка, унесеная з ініцыятывы Паўла Латушкі, грунтуецца на дакументах, сабраных Народным антыкрызісным упраўленнем. У ёй адзначаецца, што да 14 жніўня 2024 года не менш за 3500 дзяцей былі вывезеныя і падвергнутыя палітычнай, ваеннай і рэлігійнай індактрынацыі, і што гэта адбывалася «па прамым загадзе Лукашэнкі».
Арганізацыі Freedom House, «Вясна», ZMINA і BelPol у сваім дакладзе «Скрадзенае дзяцінства» ўжо кваліфікавалі гэтыя дзеянні як злачынствы супраць чалавечнасці. Дакументы былі перададзены ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.
МЗС Украіны падкрэсліла важнасць прызнання дзеянняў Расіі, Беларусі і КНДР актамі агрэсіі і фіксацыі індывідуальнай адказнасці іх палітычных і ваенных лідараў. Гэтае рашэнне ПАРЕ разглядаецца як значны крок у юрыдычнай ацэнцы ўдзелу Мінска ў ваеннай агрэсіі РФ супраць Украіны.
эж