Беларуская Служба

Лукашэнка абвінаваціў Латушку ў намеры спаліць лідараў пратэсту ў 2020 годзе. Той адказаў: «Тут дыягназ ставіць трэба»

02.07.2025 08:58
Лукашэнка заявіў, што Павел Латушка збіраўся спаліць аб'яднаны штаб апазіцыі ў 2020 годзе.
Павел Латушкакрыніца: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

«Паталагічны хлус Лукашэнка перасягнуў самога сябе», - так пракаментаваў экс-міністр, а цяпер кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка выступленне Аляксандра Лукашэнкі 1 ліпеня, у якім той абвінаваціў яго ў намеры спаліць аб'яднаны штаб апазіцыі ў 2020 годзе.

«Паталагічны хлус Лукашэнка перасягнуў самога сябе. У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года я быў генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра і на свае вочы бачыў зарыва ад агністых выбухаў гранат над цэнтрам Мінска, калі па яго загадзе пачалі забіваць і здзекавацца з беларусаў. А адзіны будынак, які ахоўвала «Альфа» КДБ, была адна з яго -наццаці рэзідэнцый, у якой ён схаваўся і дрыжаў ад страху ад людской нязгоды і пратэсту. Страх не адпускае дыктатара да гэтага часу. Хоць мне ўяўляецца, тут не каментар гэтаму маналогу дыктатара трэба даваць, а дыягназ ставіць трэба», - напісаў Павал Латушка ў сваім тэлеграм-канале.

Нагадаем, 1 ліпеня, выступаючы ў Палацы Рэспублікі ў Мінску перад удзельнікамі ўрачыстасці з нагоды Дня незалежнасці, Лукашэнка заявіў, што Павал Латушка збіраўся спаліць аб'яднаны штаб апазіцыі ў 2020 годзе.

— Каб не Лукашэнка-дыктатар, іх (лідараў пратэсту - заўв. рэд.) спалілі б у адным доме, калі справакаваць іх хацелі. І гэты лахушкін (Лукашэнка так грэбліва называе палітыка Паўла Латушку - заўв. рэд.) сядзіць сёння ў Польшчы і вяшчае. А гэта ён іх хацеў сабраць у адным доме вось тут, у цэнтры Мінска, і спаліць, - сказаў Лукашэнка.

Люстэрка/ав