Беларуская Служба

У Мазыры жанчыну затрымалі на выхадзе з анкадыспансера

07.07.2025 14:09
Пра жорсткае затрыманне анкахворай жанчыны праваабаронцам паведамілі сведкі, якія былі шакаваныя гэтай сцэнай.
  .
Мазырскі анкалагічны дыспансер. Фота з адкрытых крыніц

Праваабаронцы з «Гомельскай Вясны» атрымалі інфармацыю пра жорсткае затрыманне пацыенткі анкалагічнага дыспансера ў Мазыры, якое адбылося яшчэ 25 чэрвеня. Проста на выхадзе з дыспансера да жанчыны выскачылі некалькі чалавек у поўнай экіпіроўцы і з дручкамі, ды схапіўшы, змясцілі ў свой мікрааўтобус. Гэта адбывалася на вачах пацыентаў і медперсанала, які працуе ў анкадыспансеры.

Затрыманая Ірына Левіна мае складаную форму лімфомы і ў цяпераші час праходзіла хіміятэрапію. Якраз у дзень затрымання яна ў анкадыспансеры прайшла абследаванне на тамографе і на 30 чэрвеня ёй прызначылі чарговую працэдуру хіміятэрапіі.

Адсутнасць належнага лекавання можа прывесці ў тым ліку і да смерці пацыенткі. Жанчына мае малалетняе дзіця.

Ірыну Левіну карнікі затрымалі ў сувязі з палітычна матываванай справай. Найхутчэй, затрыманне выконвалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Сутнасць абвінавачванняў пакуль невядомая. Дома яе цяпер няма. Таксама, паводле крыніцаў у Мазыры, жанчыну не трымаюць у ізалятары часовага утрымання Мазырскага РАУС. Хутчэй за ўсё жанчыну завезлі ў следчы ізалятар у Гомелі.

вх