Беларуская Служба

Новае выдавецтва Surma першай кнігай выпускае пераклад з літоўскай

07.07.2025 17:49
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў запускае ўласную кніжную марку Surma, пад якой будуць выходзіць кнігі беларускіх і замежных аўтараў.
  Surma      .
Новае выдавецтва Surma першай кнігай выпускае пераклад з літоўскай.bellit.info

Першай кнігай выдавецтва стаў раман Гінтараса Граяўскаса «Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі». З літоўскай на беларускую твор пераклала Сабіна Брыло.

Герой аповесці Гінтараса Граяўскаса адпраўляецца на пошукі дракона, каб яго забіць, бо гэта лагічна і натуральна, калі ты завешся рыцарам. Тваё атачэнне патрабуе ад цябе канвенцыйнага дзеяння – забойства. Гэта экзамен, які належыць здаць грамадству, каб цябе прызналі за таго, кім ты заяўлены. Але «штосьці пайшло не так».

Два антаганісты – рыцар і драконы – замест таго, каб біцца, пачынаюць размаўляць. Чытач робіцца слухачом захапляльных гісторый, у якіх рэальныя гістарычныя падзеі і персанажы пераплятаюцца з фантазіямі, поўнымі гумару і філасофіі.

Мастацкае афармленне Ганны Штольц.

Проза Гінтараса Граяўскаса ўпершыню публікуецца па-беларуску. Набыць кнігу можна праз інтэрнэт краму Kamunikat.shop.

Гінтарас Граяўскас (Gintaras Grajauskas) – паэт, драматург, празаік і музыкант. Нарадзіўся ў 1966 годзе ў Мар’ямпалі. Вучыўся на Клайпедскім факультэце Дзяржаўнай кансерваторыі Літвы (кафедра джазу).

Лаўрэат шэрагу прэмій, у тым ліку прэміі Міністэрства культуры Літвы (2003) і Залатога Сцэнічнага Крыжа (2007) за п’есу «Дзяўчынка, якой баяўся Бог».

Вершы перакладзеныя на шматлікія мовы. Беларускія пераклады друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў» (№68) і анлайн-часопісе TAUBIN у перакладзе Андрэя Хадановіча, а таксама ў анталогіі сучаснай літоўскай паэзіі «Горад на гары». Жыве ў Клайпедзе.

SURMA – партнёрскі праект Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў, які базуеца ў Вільні. Пад брэндам выдавецтва мяркуецца выпускаць кнігі па некалькіх кірунках. У найбліжэйшых планах выхад кніг прызёраў прэміі імя Ежы Гедройця, пераможцаў літаратурных конкурсаў, аднаўленне серыі дэбютных кніг «Пункт адліку», арыгінальная і перакладная дзіцячая літаратура.

bellit.info/вх