Беларуская Служба

Святар Анджэй Юхневіч апынуўся ў СІЗА Гомеля

19.08.2025 13:30
Ксяндза маглі даставіць туды пры этапаванні ў калонію, лічаць вернікі.
Ксёндз Анджэй Юхневічhttps://t.me/katolik_life

Дагэтуль невядома, у якую калонію накіраваны асуджаны на 13 гадоў зняволення каталіцкі святар, былы пробашч парафіі ў Шуміліне айцец Анджэй Юхневіч. Прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу 29 ліпеня, пасля таго, як Віцебскі абласны суд адмовіў святару ў змене прысуду, які ён абскардзіў, спрабуючы даказаць сваю невінаватасць.
Пасля гэтага айца Анджэя, які больш за год знаходзіўся ў СІЗА Віцебска, павінны былі накіраваць у калонію. Але, як даведаліся вернікі, святар апынуўся ў СІЗА Гомеля. Прынамсі, у першай палове жніўня ён знаходзіўся там, паведамляе Katolik.life.

Айца Анджэя маглі даставіць у Гомель пры этапаванні ў калонію – гэты працэс з'яўляецца надзвычай складаным для асуджанага і можа займаць некалькі тыдняў.

У сваю чаргу, дастаўленне ў Гомель, паводле старонкі, можа сведчыць пра тое, што святара накіравалі ў калонію №20 у Мазыры.

І ў СІЗА, і ў калоніі адмаўляюцца паведамляць па тэлефоне якую-небудзь інфармацыю на гэты конт.

Ксяндза Анджэя Юхневіча затрымалі 8 траўня 2024 года. Суд над ім адбыўся амаль праз год, у красавіку 2025 года ў Шуміліне і праходзіў у закрытым рэжыме, нагадвае «Свабода». З судовага раскладу вынікала, што яму інкрымінавалі тры крымінальныя артыкулы, якія тычацца полавых зносінаў з непаўналетнімі.

Вядома, што святар не прызнаваў ніякай віны, вернікі лічаць, што справа супраць яго сфабрыкаваная.

аз

«Прававая ініцыятыва» звярнулася ў CEDAW з патрабаваннем пачаць расследаванне па справе катавання і дыскрымінацыі жанчын у Беларусі

19.08.2025 12:30
Раней Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын ужо двойчы прызнаваў Беларусь вінаватай у парушэннях правоў жанчын у зняволенні.