Беларуская Служба

Новы антырэкорд — на выезд з Беларусі ў Польшчу чакаюць больш за 4700 легкавікоў

20.08.2025 11:44
Сітуацыя на адзіным пункце пропуску з Польшчай, які дагэтуль застаецца адкрытым, абвастрылася каля тыдня таму.
Памежны прапускны пункт «Брэст»gpk.gov.by

У ноч з 19 на 20 жніўня чарга на выезд у Польшчу праз пункт пропуску «Брэст» (з польскага боку «Цярэспаль») дасягнула 4770 легкавых аўтамабіляў і 140 аўтобусаў. Такія даныя зафіксаваў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі станам на 2:00. Да раніцы колькасць аўто ў чарзе крыху скарацілася — цяпер выезду чакаюць 4640 легкавых машын (па стане на 8:00), паведамляе reform.news. Такім чынам, пастаўлены новы рэкорд. Днём раней чарга не перавышала 4650 аўтамабіляў.

Сітуацыя на адзіным пункце пропуску з Польшчай, які дагэтуль застаецца адкрытым, абвастрылася каля тыдня таму. Паводле розных ацэнак, час чакання праходжання мяжы цяпер складае каля тыдня.

Нагадаем, што Польшча закрыла астатнія памежныя пераходы ў адказ на арганізаваную рэжымам Аляксандра Лукашэнкі міграцыйнай атакі на мяжы і вынясенне жорсткіх прысудаў актывістам польскай меншасці ў Беларусі, у тым ліку журналісту Анджэю Пачобуту.

эж