19 нобелеўскіх лаўрэатаў звярнуліся да Дональда Трампа. Яны падпісалі адкрыты ліст да прэзідэнта ЗША з заклікам працягнуць ціск на Аляксандра Лукашэнку, каб дамагчыся вызвалення 1 тыс. 300 палітвязняў у Беларусі, паведамляе «Белсат».
Нобелеўскія лаўрэаты падзякавалі Дональду Трампу за тое, што ён узняў гэтае пытанне ў тэлефоннай размове з Лукашэнкам на мінулым тыдні.
Яны просяць узмацняць ціск на дыктатара, каб вызваліць астатніх і спрыяць вяртанню беларусаў, якія масава ўцяклі за мяжу пасля пратэстаў 2020 года, паведамляе Reuters.
Сярод падпісантаў ліста – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Оскар Арыяс, па літаратуры – Святлана Алексіевіч і Герта Мюлер, а таксама 16 лаўрэатаў прэмій па фізіцы, хіміі, медыцыне і эканоміцы.
Дональд Трамп 15 жніўня на шляху на саміт з Уладзімірам Пуціным на Алясцы апублікаваў у сацсетках паведамленне пра тое, што правёў «выдатную гутарку з паважаным прэзідэнтам Беларусі», падчас якой падзякаваў Лукашэнку за вызваленне 16 чалавек і абмеркаваў вызваленне яшчэ 1 тыс. 300.
Reuters удакладняе, што гэта адбылося праз некалькі гадзін пасля таго, як беларускі эканаміст Зміцер Балкунец адправіў Трампу электронны зварот з просьбай узняць пытанне пра беларускіх зняволеных на саміце з сябрам Лукашэнкі – Уладзімірам Пуціным.
«Мы маем намер вылучыць вас на Нобелеўскую прэмію міру, калі вы дапаможаце дамагчыся вызвалення беларускіх палітвязняў», – напісаў Балкунец у лісце.
«Цяпер Лукашэнка знаходзіцца ў сітуацыі, калі адмова прэзідэнту ЗША будзе для яго вельмі невыгодная. Таму цалкам верагодна, што ён паспрабуе нейкім чынам паскорыць працэс вызвалення... Галоўнае тут – не дапусціць, каб гэты фокус быў страчаны або размыты», – заявіў Балкунец Reuters.
вс