На адкрыццё ў ліпені гэтага года ў Пружанах (Брэсцкая вобласць) крамы алкагольнай прадукцыі «Дуб зялёны» звярнуў увагу расследавальніцкі медыяпраект «Бюро», паведамляе «Позірк».
Адзначыўшы, што «мясцовая раённая газета анансуе запуск цэлай сеткі алкамаркетаў» пад брэндам «Дуб зялёны», расследавальнікі ўстанавілі, што згаданая крама належыць кампаніі «Главторгпред».
Сцвярджаецца, што на гэтую кампанію ў сакавіку 2025 года ў Пінску (Брэсцкая вобласць) быў зарэгістраваны «яшчэ адзін алкапункт» «Дуб зялёны».
«51% «Главторгпреда» знаходзіцца ва ўласнасці набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі прадпрымальніка Аляксандра Зайцава. Аднак спойваць беларусаў бізнесмен плануе не ў адзіночку, а ў кампаніі свайго патрона Віктара Лукашэнкі – 49% фірмы запісана на Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК), які з 2021 года ўзначальвае старэйшы сын Лукашэнкі», – гаворыцца ў публікацыі.
«Праўда, колькі партнёры заробяць на новай алкагольнай сетцы, мы так і не даведаемся – уся бухгалтарская справаздачнасць кампаніі засакрэчаная як падатковая таямніца згодна з пастановай Савета міністраў», – падкрэслівае «Бюро».
Адзначаецца, што, акрамя «Дуба зялёнага», з 2021 года «Главторгпред» таксама валодае супермаркетам бяспошліннага гандлю ў пункце пропуску Бераставіца (Баброўнікі) на мяжы з Польшчай.
Віктар Лукашэнка стаў прэзідэнтам НАК 26 лютага 2021 года. Да гэтага з 1997 года арганізацыю ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка, які пакінуў пасаду пад ціскам міжнароднай спартыўнай грамадскасці на фоне падзей 2020 года.
11 мая 2025 года аб’яднанне BelPol выпусціла фільм-расследаванне аб дзейнасці Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, у якім гаворыцца, што арганізацыя з’яўляецца сродкам узбагачэння сям’і Лукашэнкі. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя карупцыйныя схемы. ПСК у расследаванні названы «інструментам для легалізацыі атрыманых дыктатарам Лукашэнкам і членамі яго сям’і хабараў і ўхілення ад выплаты падаткаў».
Прэзідэнцкі спартыўны клуб быў заснаваны ў 2005 годзе, нязменным кіраўніком арганізацыі з’яўляецца Дзмітрый Лукашэнка – сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі. На сайце праекта гаворыцца, што клуб займаецца «арганізацыяй маштабных спартыўных спаборніцтваў, развіццём спартыўнай інфраструктуры, дабрачыннасцю і выплатай імянных стыпендый».
вс