Беларуская Служба

Стрыжак і Лявончык прыгавораныя да 18 гадоў пазбаўлення волі па справе «арганізатараў BySol»

25.08.2025 19:01
Нагадваем аб перадачы справы ў суд паведаміла 17 лютага Генеральная пракуратура.
 BYSOL
Лагатып BYSOL https://bysol.org

Гомельскі абласны суд вынес завочныя прыгаворы па справе «арганізатараў фонду салідарнасці BySol», паведамляе дзяржвыданне «Гомельская праўда».

Сузаснавальнік і кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак прыгавораны ў рамках спецвытворчасці да 18 гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 6.000 базавых велічынь (252 тыс. рублёў). Такое ж пакаранне прызначанае яго паплечніку, кіраўніку фонду салідарнасці By_Help Аляксею Лявончыку.

Іншым фігурантам справы – ІТ-прадпрымальніку, аднаму са стваральнікаў лічбавай платформы «Новая Беларусь» Яраславу Ліхачэўскаму, аднаму з заснавальнікаў BySol Аляксею Кузьмянкову, ІТ-прадпрымальніку, таксама звязанаму з BySol, Аляксандру Падгорнаму, кіраўніку Беларускага моладзевага хаба (Варшава) Аляксандру Лапко і актывістцы, былой сяброўцы палітвязня Эдуарда Бабарыкі, блогеру Аляксандры Жук (Зверавай) – вынесеныя аднолькавыя прыгаворы: 16 гадоў зняволення і штраф у памеры 5.500 б.у. (231 тыс.).

«Позірк» нагадвае, што аб перадачы справы ў суд паведаміла 17 лютага Генеральная пракуратура. Фігуранты абвінавачваліся паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы), 2891 (прапаганда тэрарызму), 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), 3613 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу) і 368 (абраза прэзідэнта).

Сцвярджалася, што «абвінавачваныя не пазней за студзень 2020 года папярэдне аб’ядналіся ў злачынную супольнасць – экстрэмісцкае фарміраванне «By_help»: «Таксама ў яго склад увайшлі такія структурныя падраздзяленні, як «Media Solidarity Belarus» і «Беларусам.pl».

Затым у жніўні 2020 года «для пашырэння супрацьпраўнай дзейнасці яны аб’ядналіся з іншымі абвінавачанымі ў экстрэмісцкае фарміраванне «Фонд салідарнасці BYSOL / Belarus solidarity foundation», а ў далейшым «стварылі структурныя падраздзяленні «Voices from Belarus» і «Digital Solidarity»,

Дзейнасць згаданых арганізацый, паводле сцвярджэння пракуратуры, была накіраваная на «дэстабілізацыю грамадскага парадку, стварэнне пагроз грамадскай бяспецы, правакуючы ўскладненне крымінагеннай абстаноўкі ў краіне, арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый».

Працэдура спецвытворчасці ў Беларусі прымянялася ў дачыненні да 152 чалавек. Гэтая вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчыма па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Улады актыўна выкарыстоўваюць спецвытворчасць для абвінавачання, правядзення судоў і канфіскацыі па іх вырашэнні ўласнасці падсудных, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі.

аз

У Мінску за «здраду дзяржаве» асудзілі 60-гадовага праграміста

25.08.2025 12:45
Прысуд уступіў у сілу 22 чэрвеня гэтага года. Адбываць тэрмін мужчыну адправілі ў шклоўскую калонію № 17.

Журналіста Алега Супрунюка прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі

25.08.2025 16:40
Алег Супрунюк вядомы жыхарам Брэстчыны як рэпарцёр, які асвятляў для іх сацыяльна і грамадска значныя праблемы рэгіёна.